Такое рашэньне прынятае 27 траўня на адмысловым паседжаньні нацыянальных чальцоў арганізацыі ў Швайцарыі.
«Мы адсочвалі сытуацыю зь Беларускай федэрацыяй роварнага спорту, якая перарасла ў міжнародную дыскусію, і падчас паседжаньня праўленьня прынялі рашэньне адмяніць спаборніцтвы ў Менску. Хачу падзякаваць кіраўніцу фэдэрацыі Натальлю Цылінскую, якая зь велізарным запалам дапамагала рыхтаваць мерапрыемства, аднак мы ўжо працуем над пошукам альтэрнатыўнага рашэньня, якое дазволіць гоншчыкам 50 нацыянальных камандаў удзельнічаць у кантынэнтальных спаборніцтвах гэтага сэзону», — заявіў кіраўнік Эўпрапейскага роварнага саюзу Энрыка Дэла Каса.
Яшчэ да гэтага пра адмову выступаць на спаборніцтвах, калі яны адбудуцца ў Беларусі, заявілі сусьветныя фаварыты гэтага віду спорту — зборныя Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў, Нямеччыны, а таксама Літвы.
Праз палітычную нестабільнасьць у Беларусі адмененыя заплянаваныя тут
- чэмпіянат сьвету ў хакеі,
- Кубак сьвету ў біятлёне,
- чэмпіянат Эўропы ў сучасным пяцібор’і,
- міжнародны матч да 110-й гадавіны беларускага футболу ды некаторыя іншыя значныя спаборніцтвы.