Чыноўнік нагадаў, што міністэрства стала адным з ініцыятараў навацыяў у законах «Аб надзвычайным становішчы» і «Аб ваенным становішчы». А значыць, у выпадку неабходнасьці гатовае выступаць са зброяй у руках.
«Міністэрства надзвычайных сытуацыяў уваходзіць у склад сілаў, якія гарантуюць нацыянальную бясьпеку. Мы — людзі ў пагонах і ў выпадку ўзьнікненьня няштатных сытуацыяў будзем выконваць, як і органы ўнутраных справаў, задачы паводле прызначэньня», — заявіў ён у эфіры тэлеканалу СТБ, удакладніўшы, што на супрацоўнікаў будзе распаўсюджвацца закон «Аб органах унутраных спраў» што да ўжываньня фізычнай сілы, спэцыяльных сродкаў, табэльнай зброі.
Адказваючы на пытаньне пра выезды супрацоўнікаў ведамства для здыманьня бел-чырвона-белых сьцягоў, Вадзім Сіняўскі назваў іх «лішнімі элемэнтамі» і параўнаў з «фашысцкімі».
«Гаворка пра фашысцкія сымбалі, па-іншаму мы іх цяпер называць ня можам. Яны самі таго заслужылі, гэтыя дзеячы, якія іх распаўсюджвалі. Сёньня нармальны, разумны чалавек здае сабе справу, што магло б адбыцца з нашай краінай, каб, ня дай бог, гэтыя нягоднікі захапілі ўладу ў краіне. Ніхто ім не дазволіць гэтага, у тым ліку і Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. У цяжкадаступныя месцы маглі прыбыць толькі ратавальнікі. Мы гэта рабілі, робім і будзем рабіць. Нам удалося прайсьці гэты складаны этап», — падсумаваў міністар.
Некаторыя ратавальнікі ўсё ж адмаўляліся выконваць неўласьцівыя функцыі, у выніку чаго іх звольнілі і нават прыцягнулі да адказнасьці. Міністар запэўніў, што некамплект падразьдзяленьня цяпер не перавышае 6%, а гэта не ўплывае на выкананьне пастаўленых задачаў.