23 ліпеня сын уладальніка «Віталюра» Віталь Яцук ажаніўся на беларускай мадэлі Яўгеніі Катавай. Пасьля 23-й гадзіны менскага часу пачаўся фэервэрк, магутныя раскаты якога чулі жыхары аддаленых раёнаў Менску. Аднак менчукі зьвярнулі ўвагу на тое, што рэстаран «Лебядзіны» ўсё яшчэ знаходзіцца на асабліва ахоўваемай тэрыторыі заказьніка, з-за чаго раней былі пратэсты супраць яго пабудовы.
Мяркуючы па відэа, якім падзяліўся чытач Onliner, на час правядзеньня фэервэрку ДАІ перакрывала рух па праспэкце Пераможцаў.
Пастанова Міністэрства надзвычайных сытуацый ад 4 кастрычніка 2004 году № 32 «Аб зацьвярджэньні правілаў бясьпекі пры вырабе і выкарыстаньні піратэхнічных вырабаў» утрымлівае пералік месцаў, дзе выкарыстаньне фэервэркаў забаронена.
«Тэрыторыі аб’ектаў, якія маюць важнае маральна-культурнае значэньне, помнікаў гісторыі і культуры, могілак і культавых збудаваньняў, запаведнікаў, заказьнікаў і нацыянальных паркаў, месцы паломніцтва», — гаворыцца ў законе.
Такім чынам, фэервэркі ў непасрэднай блізкасьці на заказьніка трапляюць пад парушэньне закону.
Рэстаран «Лебядзіны», са скандалам адкрыты ў канцы 2019 году, не аднойчы быў аб’ектам пратэстаў, паколькі дзеля яго ўлады ссунулі межы прыродаахоўнай зоны. Яго ўладальнікі абяцалі, што ня будуць ладзіць шумных вечарынаў, аднак затым неаднаразова парушалі свае словы, ладзячы гучныя сьвяткаваньні і салюты. Паводле некаторых ацэнак, фэервэрк 23 ліпеня стаў самым гучным за ўвесь час існаваньня рэстарану.