Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алеся Дашчынскага адпусьцілі зь СІЗА. Раней ён і Алег Грузьдзіловіч абвясьцілі галадоўку салідарнасьці зь Інай Студзінскай


Алесь Дашчынскі
Алесь Дашчынскі

Алеся Дашчынскага выпусьцілі зь СІЗА на Акрэсьціна, аддаўшы яму перадачу, якую жонка занесла для яго ўчора. Цяпер Алесь Дашчынскі дома.

Мы зьвязаліся з Алесем, і ён расказаў пра абставіны вызваленьня:

«Мы з Алегам (Грузьдзіловічам. — РС) былі ў адной камэры і сёньня заявілі пра тое, што падтрымліваем Іну і абвяшчаем галадоўку салідарнасьці зь ёю. Пра тое, што яна галадае, я даведаўся ад маёй адвакаткі, якая сёньня прыходзіла да мяне. Пасьля гэтага нас адразу разьвялі ў розныя камэры. Я ня ведаю, куды трапіў Алег, а мяне завялі ў камэру, дзе сядзіць Ігар Ільяш і яшчэ пяць чалавек.

Увечары, пасьля вячэры — я ўжо не вячэраў — прайшло яшчэ гадзіна ці дзьве, там вельмі цяжка арыентавацца... нечакана прыйшлі і сказалі мне зьбірацца з рэчамі. Я думаў — можа, пераводзяць у якую іншую камэру. Мяне павялі ўніз, там я яшчэ ўбачыў журналістку Белсату Ганну Галёту — і нас выпусьцілі, спачатку яе, пасьля мяне. Я яшчэ пасядзеў у «стакане», нам аддалі перадачы, аддалі рэчы.

Там яшчэ быў сьледчы, і я падпісаў дакумэнты — аб неразгалошваньні, абавязаньне яўкі, і аб нявыезьдзе. Я зразумеў так, што я застаюся падазраваным па гэтай справе. Гэткім самым чынам выпусьцілі і Ганну.

Я ўжо гаварыў з Алегавай жонкай — яго яшчэ няма. Але мы зь ім праходзілі па адным артыкуле.

Я за гэты час пасьпеў пасядзець у трох камэрах. Не было ні матрацаў, ні падушак, ні коўдраў, спалі на голых нарах...»

Крыху раней Свабодзе паведамілі, што Алег Грузьдзіловіч і Алесь Дашчынскі сёньня абвясьцілі галадоўку на знак салідарнасьці зь Інай Студзінскай. Яны вырашылі трымаць галадоўку прынамсі да панядзелка, 26 ліпеня, калі споўніцца 10 дзён іх утрыманьня пад вартай.

Сёньня прайшлі сем дзён з моманту затрыманьня журналістаў Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча, Іны Студзінскай і Алеся Дашчынскага, якіх летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі. Супрацоўнікі СІЗА на Акрэсьціна раней паведамілі родным, што журналістаў арыштавалі на 10 сутак, але ў чым іх абвінавачваюць, дагэтуль невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG