Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: «Колькі яшчэ міжнародных адносін Расеі давядзецца сапсаваць дзеля падтрымкі чалавека, які прайграў выбары?»


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Беларуская палітык на сустрэчы з амэрыканскімі кангрэсмэнамі пракамэнтавала выдачу Расеяй афіцыйнаму Менску спартоўца Аляксея Кудзіна, якога на радзіме вінавацяць у крымінальным злачынстве.

Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з амэрыканскімі кангрэсмэнамі Грэгары Міксам і Майклам МакКоўлі — прадстаўнікамі Камітэту міжнародных адносінаў — расказала гісторыю Аляксея Кудзіна, байца ММА, які трапіў пад крымінальны перасьлед. Яе цытуе прэс-служба.

«Насуперак рашэньню Эўрапейскага суду ў правах чалавека, Расея таемна выдала рэжыму Аляксея Кудзіна, якога дома чакаюць жонка і пяцёра дзяцей. На многіх сустрэчах у Вашынгтоне, адказваючы на пытаньне аб пазыцыі Расеі, я казала, што яна яшчэ можа заняць канструктыўную пазыцыю ў разьвязаньні беларускага крызісу. Канструктыўная пазыцыя — не выдаваць чалавека ў краіну, дзе людзей у турмах катуюць і б’юць, у абыход забароны Эўрапейскага суду ў правах чалавека. Колькі яшчэ міжнародных адносін Расеі давядзецца сапсаваць дзеля падтрымкі чалавека, які прайграў выбары?»

Ціханоўская заявіла, што ўсе зьняволеныя з палітычных матываў павінны быць неадкладна вызваленыя.

Напярэдадні афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава выказала афіцыйную пазыцыю сваёй дзяржавы, кіраўніцтва якой не жадае сустракацца зь Ціханоўскай. Захарава заявіла, што ў Расеі «няма жаданьня спрыяць легітымізацыі зьбеглых апазыцыянэраў». Крэмль працягвае падтрымліваць Лукашэнку, пра што раней заяўляў і расейскі прэзыдэнт Пуцін.

21 ліпеня Апэляцыйны суд пакінуў у сіле рашэньне Маскоўскага абласнога суду аб выдачы Беларусі Аляксея Кудзіна. Перад тым, у той жа дзень, Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСПЧ) забараніў экстрадыцыю беларускага атлета, спаслаўшыся на пераканаўчыя довады ягонай абароны. Аднак Расея праігнаравала гэтае рашэньне і дазволіла экстрадыцыю.

У Беларусі Аляксея Кудзіна абвінавачваюць у нападзе на міліцыянтаў падчас пратэстаў летась у жніўні, паводле артыкулу 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак). Максымальнае пакараньне — да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG