Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Прылуцкага, экстрадыцыі якога ад Расеі дамагаецца беларуская пракуратура, вызвалілі зь СІЗА


Андрэй Прылуцкі з малодшым сынам. Архіўнае фота
Андрэй Прылуцкі з малодшым сынам. Архіўнае фота

Сёньня беларус Андрэй Прылуцкі выйшаў зь Колпінскага СІЗА ў Санкт-Пецярбургу.

Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал расейскіх праваабаронцаў «Чай с ромашкой».

Жыхар Салігорску Андрэй Прылуцкі працаваў на «Беларуськаліі» і ў сьнежні далучыўся да страйку з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі ды новых выбараў. Пад пагрозай арышту ён уцёк у Расею, зьбіраўся вылецець ва Ўкраіну, але быў затрыманы ў Санкт-Пецярбурскім аэрапорце, бо знаходзіўся ў адпаведных сьпісах.

«Андрэй быў затрыманы 30 сьнежня і правёў у зьняволеньні ў СІЗА амаль 6 месяцаў, — нагадваюць расейскія праваабаронцы. — Увесь гэты час ён чакаў, калі Генэральная пракуратура (Расейскай Фэдэрацыі. — РС) разгледзіць ягоную экстрадыцыйную справу. У чэрвені намесьнік Генэральнага пракурора пастанавіў выдаць Андрэя, але мы абскардзілі рашэньне і цяпер чакаем суду. Але тым часам скончыўся гранічны тэрмін утрыманьня пад вартай, дапушчальны па такім абвінавачаньні, і Андрэя прыйшлося адпусьціць».

Расейскія праваабаронцы пішуць, што выхад Прылуцкага зь СІЗА яшчэ не азначае канца справы, і маюць намер і надалей змагацца.

У Расеі пад пагрозай экстрадыцыі шасьцёра беларусаў, якіх на радзіме чакае перасьлед з палітычных матываў.

  • Вадзім Дубойскі затрыманы ў красавіку, абвінавачаны ў супраціве сілавіку (арт. 363 КК);
  • Андрэй Казіміраў затрыманы ў студзені, абвінавачаны ў масавых беспарадках (арт. 293 КК) за ўдзел 10 жніўня ў Берасьці ў акцыях пратэсту;
  • Аляксей Кудзін затрыманы ў сьнежні, арт. 363 КК, чэмпіён сьвету ў кікбоксінгу;
  • Сяргей Непагода затрыманы ў сакавіку, арт. 363 КК;
  • Андрэй Прылуцкі затрыманы ў сьнежні, абвінавачаны за гвалт супраць сілавіка (арт. 364 КК);
  • Яўген Шаблюк затрыманы ў лютым, арт. 363 КК.

Казімірава, Кудзіна і Прылуцкага Генпракуратура РФ пастанавіла выдаць Беларусі. Праваабаронцы абскардзілі гэтыя рашэньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG