Сустрэча пісьменьніц у прысутнасьці гледачоў адбываецца на Нацыянальным музычным форуме ва Ўроцлаве, горадзе ў паўднёва-заходняй Польшчы. Мадэратары дыскусіі — журналістка Маніка Алейнік і філёзаф Магдалена Сьрода.
Паводле задумы арганізатараў, сярод якіх улады гораду Уроцлава і Фонд Вольгі Такарчук, сустрэча мае быць «дэбатамі паміж двума бясспрэчнымі мастацкімі і інтэлектуальнымі аўтарытэтамі, словы якіх могуць зьмяніць рэальнасьць, выказваньні якіх уважліва слухаюцца і шырока камэнтуюцца, голас якіх гучыць моцна і выразна».
Прыбыцьцё Сьвятланы Алексіевіч на сустрэчу ўскладніў інцыдэнт на лётнішчы ў Бэрліне ўчора. На лётнішчы пісьменьніцу затрымалі з прычыны таго, што пры ёй, маўляў, была бомба. Алексіевіч адпусьцілі, калі самалёт ужо адляцеў. Бомбы не знайшлі. Арганізатары ўроцлаўскай імпрэзы, якая мае афіцыйную назву «Пратэст Алексіевіч і Такарчук», паслалі ноччу ў Бэрлін аўтамабіль, якім беларуская ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі даехала да Ўроцлава.