Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 9 ліпеня: у Менску затрымалі лекарку і адміністратара фэйсбук-суполкі «Письма солидарности»

абноўлена

«Нафтан» і «Палімір» у Новаполацку выйшлі на страйк пасьля выбараў- 2020
«Нафтан» і «Палімір» у Новаполацку выйшлі на страйк пасьля выбараў- 2020

У Беларусі працягваецца перасьлед за выказваньне грамадзянскай пазыцыі, штодзённа адбываюцца арышты людзей і ператрусы ў іх дамах. Свабода сочыць за падзеямі.

Ператрусы ў Наваполацку

Ператрус прайшоў у некаторых удзельнікаў Беларускага незалежнага прафсаюзу ў чацьвер 8 ліпеня. Пра гэта паведамляе партал Zerkalo.io.

«Лічым гэта непрыкрытым ціскам на прафсаюз», — пракамэнтавала сытуацыю старшыня пярвічнай арганізацыі незалежнага прафсаюзу на гэтым прадпрыемстве Вольга Брыцікава.

Па словах актывістаў незалежнага прафсаюзу на «Нафтане», ператрусы правялі дома ў чатырох чалавек — Аляксандра Капшулі, Дзяніса Гурскага, Дзьмітрыя Кайро, Юрыя Гашэва. Пры гэтым Дзьмітрыя Кайро затрымалі на 72 гадзіны.
Яны мяркуюць, што ператрусы маглі праводзіць праз пашкоджаньне аўтамабіля аднаго з работнікаў «Нафтану».

Афіцыйных камэнтароў з боку сілавых ведамстваў па гэтай сытуацыі не было.

Пасьля падзей жніўня 2020 году «Нафтан» апынуўся сярод тых прадпрыемстваў, на якіх работнікі актыўней за ўсіх уступалі ў незалежны прафсаюз. Некаторыя работнікі заводу страйкавалі.

У лютым гэтага году паведамлялася, што ў незалежным прафсаюзе на прадпрыемстве налічвалася каля 450 работнікаў. У студзені 2021 году прафсаюз узначаліла Вольга Брыцікава, якая раней працавала начальнікам аддзелу рэалізацыі нафтапрадуктаў на «Нафтане». Яна была сярод тых работнікаў прадпрыемства, якія актыўна выказвалі пазыцыю датычна прэзыдэнцкіх выбараў у краіне і наступных падзей. У сьнежні 2020-га яе звольнілі з заводу.

Затрыманьні ў Менску

У Менску сілавікі затрымалі лекарку-артадонта Анастасію Родзічаву. Пра гэта тэлеграм-каналу «Белые халаты» паведамілі яе калегі. Абставіны затрыманьня пакуль невядомыя. Зараз Родзічэва знаходзіцца ў Партызанскім РУУС.

Праваабарончы цэнтар Вясна піша, што 8 ліпеня ўвечары ў Менску затрымалі адміністратара фэйсбук-суполкі «Письма солидарности» Сяргея Барысава. Вядома, што ён праходзіць па артыкуле 289 КК (акт тэрарызму).

Паколькі Барысаў доўга не адчыняў дзьверы, сілавікі выламалі іх. Дома ў Сяргея правялі ператрус, вынялі ўсю тэхніку.

9 ліпеня Барысава арыштавалі на 5 сутак па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі) за тое, што не адчыняў сілавікам дзьверы.

Новая крымінальная справа ў Гомлі

Свабодзе стала вядома, што гомельскі праваабаронца Васіль Палякоў затрыманы ў межах артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу — «акт тэрарызму». Частка 1 гэтага артыкулу прадугледжвае пакараньне ад 8 да 15 гадоў. Цяпер праваабаронца знаходзіцца ў гомельскім ІЧУ.

Таксама ў Гомлі міліцыя прыйшла дадому да пэнсіянэркі Алы Караленкі. Яе ў той час не было дома. Узімку пэнсіянэрка некалькі разоў адбывала арышт за ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG