Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заблякаваць Zerkalо, як гэта было з Tut.by і „Нашай нівай“, ва ўладаў ужо не атрымаецца». Каманда Tut.by пра новы праект


Каманда Tut.by 8 ліпеня запусьціла новае інтэрнэт-мэдыя пад назвай Zerkalо.io. Журналісты будуць працаваць з-за межаў Беларусі.

Пагаварылі з выканаўцай абавязкаў галоўнага рэдактара новага інтэрнэт-мэдыя Ганнай Калтыгінай.

У рэдакцыі 22 чалавекі, усе за мяжой

— Ганна, хто ўвайшоў у каманду, дзе геаграфічна знаходзяцца людзі? І чаму вы выканаўца абавязкаў, а не галоўны рэдактар?

— Я выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара, бо галоўны рэдактар можа быць толькі адзін — Марына Золатава.

Ганна Калтыгіна. Архіўнае фота
Ганна Калтыгіна. Архіўнае фота

Частка каманды, якая зьехала з краіны, скаапэравалася і вырашыла запусьціць новае мэдыя. Усяго нас каля 30 чалавек, уключаючы праграмістаў. А ў самой рэдакцыі, калі быць дакладным, 22, і, спадзяюся, гэтая колькасьць павялічыцца. Пакуль усё складана, мы прывыклі да іншых магутнасьцяў і аб’ёмаў, але пакуль давядзецца працаваць у такім «урэзаным» складзе.

Людзі знаходзяцца за мяжой у розных краінах. Тут, як ні парадаксальна, трэба падзякаваць каранавірусу, бо ўсе навучыліся працаваць дыстанцыйна і, калі б ня гэты вымушаны досьвед, было б складаней, мы б так хутка не стартанулі. Але за ўвесь гэты час мы выстаялі, і няма такога адчуваньня, што мы ўсе далёка ад Беларусі, онлайн дазваляе шмат чаго.

Але мне вельмі цяжка бяз офіса і калег побач, бо, нават калі быў каранавірус, я магла ў любы момант прыехаць у рэдакцыю, там пастаянна былі Вольга Лойка, Марына Золатава, А цяпер проста фізычна балюча, што я не магу гэтага зрабіць. Дый офісу ўжо няма.

«Пакуль вырашылі сфакусавацца на грамадзтве, палітыцы, фінансах»

— У вас быў вялізны партал, які ахопліваў усе сфэры жыцьця — ад палітыкі, грамадзтва, эканомікі да спорту, «лэдзі», аўта і нерухомасьці. Што будзе зараз у прыярытэце?

— Мы адмовіліся ад мноства нашых праектаў — «Аўта», «Спорт», «Афіша», «42» ды іншых. Пакуль вырашылі сфакусавацца на грамадзтве, палітыцы, фінансах і пакінулі «забавы», назваўшы гэты разьдзел «падвалам». Прыкінулі, што гэта мы пацягнем. Астатняе, спадзяёмся, некалі вернецца. Але пакуль рэсурсы не дазваляюць.

— Але Tut.by заўсёды славіўся сваімі рэпартажамі, прысутнасьцю журналістаў на месцы падзей, у самых гарачых пунктах. Як будзеце працаваць бяз гэтага, ці спадзеяцеся на дапамогу чытачоў, што будуць дасылаць гарачыя навіны, фота, відэа?

— З боку чытачоў падтрымку мы адчуваем дагэтуль, і менш паведамленьняў, цікавых гісторый ня стала, нягледзячы на ўсе акалічнасьці. Я спадзяюся, такая практыка застанецца і на Zerkalo.

Што тычыцца рэпартажаў, гэта вельмі балючае пытаньне. Бо быць на месцы падзей, размаўляць зь людзьмі, рабіць фатаграфіі, відэа — пры цяперашняй уладзе, пры цяперашнім заканадаўстве, асабліва з улікам паправак у Закон аб СМІ — мы пакуль ня зможам. Нават калі будуць такія прапановы ад саміх калег, напэўна, будзем адмаўляцца, таму што падстаўляць людзей ня можам, бясьпека — гэта перш за ўсё. Таму мы будзем удзячныя нашым чытачам, калі будзем атрымліваць ад іх інфармацыю, фота, відэа.

Пахвалюся: мы змаглі першымі зрабіць рэпартаж з цэнтраў вакцынацыі, што адкрываліся ў грамадзкіх месцах, раней за беларускія СМІ, ня будучы ў Беларусі.

— Мяркуючы па апошніх падзеях, вас будуць блякаваць, нават ужо ў першы дзень працы пасьпелі заблякаваць. Як будзеце абыходзіць блякаваньні?

— Нас заблякавалі вельмі апэратыўна. У некаторых правайдэраў мы «адкрываемся». Але мы спадзяёмся, што ўжо ўсе беларусы ведаюць, што такое VPN, а з улікам таго, як зьнікаюць незалежныя мэдыя, зь якой хуткасьцю, мяркую, усе ўжо засвоілі, як абыходзіць блякаваньні.

Заблякаваць Zerkalо, як гэта было з Tut.by, з «Нашай нівай» ва ўладаў ужо не атрымаецца. І ААЦ сваімі сродкамі ня можа заблякаваць усё. Бо каля 40% трафіку ідзе па іншых пратаколах, на якія ААЦ ня мае ніякага ўплыву.

«Новая рэдакцыя на сёньняшні дзень «валянтэрыць»

— Нясьціплае пытаньне пра фінансаваньне. На што будзеце існаваць? Гэта будзе цікавіць многіх, у тым ліку і нядобразычліўцаў.

— Так, гэтае пытаньне будзе вельмі хваляваць «Жоўтыя зьлівы». На сёньняшні дзень у нас няма ніводнай стабільнай крыніцы фінансаваньня. Я скажу шчыра: зараз мы сядзім на нейкіх «падскурных» запасах, можна сказаць, што новая рэдакцыя на сёньняшні дзень «валянтэрыць».

Аднак ёсьць думкі, як зарабляць, нягледзячы на тое, што мы ўсьведамляем: рэклямадаўцы зь Беларусі да нас наўрад ці прыйдуць. Напэўна, у бліжэйшы час мы разгледзім варыянты, як нас могуць падтрымаць нашы чытачы, натуральна, будзем зарабляць самі, таксама спадзяёмся на магчымую донарскую дапамогу.

Для нас гэта складае пытаньне, бо Tut.by заўсёды быў незалежны — незалежны ад нейкіх фондаў, улады і ўсіх астатніх. Нам вельмі хацелася б захаваць сваю незалежнасьць.

  • 18 чэрвеня ўлады Беларусі заблякавалі Tut.by: у траўні 2020 на сайце было зафіксавана 176 млн наведваньняў за месяц, гэта агульнабеларускі рэкорд. 15 чалавек, зьвязаных з сайтам, уключна зь яго кіраўніцтвам, арыштаваныя.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG