Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі паведаміў у Фэйсбуку, што пасьля гэтага ў касьцёл прыйшлі супрацоўнікі міліцыі з прэтэнзіяй, што была «парушаная нейкая норма заканадаўства наконт малітвы „Магутны Божа“». Што канкрэтна, піша біскуп, «яны не разумелі самі...»
«На сёньняшні дзень гэты гімн стаў малітвай, якая выкарыстоўваецца ў набажэнствах каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў, а таксама апошнім часам гэты гімн сьпяваюць людзі, якія не атаесамляюць сябе зь ніякай рэлігіяй.
Гімн „Магутны Божа“ гэта перш за ўсё малітва за нашу бацькаўшчыну і за наш народ», — зазначыў біскуп Юры Касабуцкі.
2 ліпеня падчас выступу на сходзе ў гонар Дня Незалежнасьці Лукашэнка перасьцярог ад выкананьня рэлігійнага гімну «Магутнага Божа»:
«Гэта немаведама што: да сакральных месцаў нашай дзяржаўнасьці яны рушылі пад сьцягамі фашысцкіх наймітаў — паліцаяў. І апошнім часам нашыя сродкі масавай інфармацыі ўсё больш распаўсюджваюць факты пра тое, што ў касьцёлах хочуць памаліцца (заўтра ці то сёньня) пад „Магутны Божа“. Глядзіце, нарвяцеся».