Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыгразіў перакрыць нямецкім кампаніям беларускі рынак і транзыт у Расею і Кітай


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Такую заяву ён зрабіў на нарадзе аб супрацьдзеяньні заходнім санкцыям супраць ягонага рэжыму, уведзеным за фальсыфікацыю выбараў, гвалт і прымусовую пасадку ў Менску самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце.

«Мы ведаем, хто ў ЗША, Нямеччыне і іншых, асабліва эўрапейскіх, краінах выступіў супраць паставак камплектных частак і асноўных вузлоў для нашых прадпрыемстваў. Мы іх ведаем. У нас ёсьць досьвед. Памятаеце, „Шкода“, „Нівея“ і гэтак далей? Мы ім сказалі: хлопцы, дзякуй, да пабачэньня. Першае: на беларускі рынак — ні кроку, другое: празь Беларусь таксама ні кроку, — цытуе Лукашэнку агенцтва БелТА. — Сапраўды гэтак трэба зрабіць і зь немцамі. Няхай празь Фінляндыю ў Кітай і Расею пастаўляюць сваю прадукцыю. Або праз Украіну (там добрыя дарогі) няхай едуць і пастаўляюць туды».

На нарадзе Лукашэнка заявіў, што «за санкцыямі стаяць канкрэтныя карпарацыі, якія фінансуюць палітычныя інтарэсы шэрагу заходніх дзеячаў».

Галоўчанка: «Санкцыі супраць транзыту будуць залежаць ад паводзінаў партнэраў з Эўразьвязу»

Пэрспэктывы ўвядзеньня Менскам контрсанкцый у дачыненьні да транзыту будуць залежаць ад паводзінаў эўрапейскіх партнэраў, заявіў прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка, паведамляе Interfax.by.

«Што тычыцца транзыту і іншых маршрутаў — гэтая опцыя маецца, але мы будзем глядзець на паводзіны нашых эўрапейскіх партнэраў і задзейнічаць тыя меры, якія будуць адэкватнымі ў цяперашні момант і не прынясуць шкоды беларускай эканоміцы», — сказаў Галоўчанка, адказваючы на пытаньне, як далёка гатовая зайсьці Беларусь у прыняцьці мераў у адказ на санкцыі і ЭЗ і ці могуць контрсанкцыі закрануць, у прыватнасьці, транзытныя перавозкі.

Прэм'ер-міністар заявіў таксама, што беларускія ўлады па-ранейшаму «гатовыя да дыялёгу» і «не зьяўляюцца прыхільнікамі гандлёвых войнаў», але ў іх «выпрацаваныя дадатковыя крокі, якія будуць прымяняць у выпадку ўзмацненьня жорсткасьці ціску на нашу краіну».

Макей: «Без адказу мы не пакінем ніякі санкцыйны ціск»

У адказ на санкцыі Захаду «можна шмат чаго вынайсьці» – заявіў пасьля нарады ў Лукашэнкі міністра замежных справаў Уладзімер Макей.

«І тыя, хто знаходзіцца сёньня ў санкцыйнай эйфарыі, у першую чаргу на Захадзе, нашы зьбеглыя апанэнты, яны глыбока памыляюцца, думаючы, што санкцыі прывядуць да нечага пазытыўнага. Ні да чаго пазытыўнага ў канчатковым выніку яны не прывядуць у першую чаргу для іх », – цытуе слова Макея агенцтва БЕЛТА.

Паводле міністра мэта санкцыяў зразумелая – здушэньне эканомікі і ў канчатковым выніку нанясеньне шкоды сувэрэнітэту і дзяржаўнасьці Беларусі. «Такога не будзе. Мы ў Беларусі распрацавалі ў адказ на санкцыйны ціск комплекс мерапрыемстваў у залежнасьці ад разьвіцьця сытуацыі. Яшчэ раз паўтаруся: мы катэгарычныя праціўнікі санкцыйнага падыходу, але без адказу мы не пакінем ніякі санкцыйны ціск», – заявіў кіраўнік МЗС Беларусі.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG