Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэцкія спэцслужбы выкралі з-за мяжы больш як 100 апанэнтаў рэжыму. З Кіргізстану даставілі кіраўніка сеткі ліцэяў


Кадар з тэлезвароту Рэджэпа Таіпа Эрдагана. На экране – Інанды паміж сьцягамі Турэччыны.
Кадар з тэлезвароту Рэджэпа Таіпа Эрдагана. На экране – Інанды паміж сьцягамі Турэччыны.

Прэзыдэнт Турэцкай Рэспублікі Рэджэп Эрдаган заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што заснавальнік сеткі прыватных ліцэяў «Сапата» Архан Інанды дастаўлены ў Турэччыну.

Паводле прэзыдэнта, апэрацыю правяла Нацыянальная арганізацыя выведкі. Архана Інанды Эрдаган назваў «кіраўніком FETO ў Цэнтральнай Азіі». «Мы не дазволім нейкай структуры, якая здраджвае гэтай дзяржаве і нацыі, робіць засады, пралівае кроў або наносіць матэрыяльную або маральную шкоду, працягваць сваё існаваньне», – цытуе яго TRT Haber.

  • FETO – так Эрдаган называе турэцкі грамадзкі рух, які ўзьнік вакол ідэяў пісьменьніка Фэтхулаха Гулена. Іншая яго назва – «Хізмэт» (па-турэцку Hizmet – «Служэньне»). Асабліва актыўная дзейнасьць руху ў сфэры адукацыі (у больш як 140 краінах функцыянуюць прыкладна 1400 школ, адкрытых прыхільнікамі руху) і ў разьвіцьці міжканфэсійнага дыялёгу. У 2016 годзе ўлады Турэччыны абвінавацілі Фэтхулаха Гюлена і яго прыхільнікаў у арганізацыі путчу і дамагаюцца выдачы Гюлена з ЗША, дзе ён жыве ў выгнаньні.

Эрдаган дадаў, што на сёньняшні дзень у Турэччыну дастаўлена больш як 100 чалавек зь іншых краін, якія маюць дачыненьне да FETO.

Архан Інанды, які доўгі час жыў у Кіргізстане і некалькі гадоў таму атрымаў грамадзянства гэтай краіны, прапаў 31 траўня. Ягоная жонка Рэйхан казала, што яе мужа ўтрымліваюць у амбасадзе Турэччыны ў Бішкеку і вымушаюць адмовіцца ад грамадзянства Кіргізстану: калі ён гэта зробіць, яго вывезуць на радзіму ў Турэччыну, дзе будуць судзіць. Каля будынку турэцкай амбасады ў Бішкеку праходзілі акцыі пратэсту з патрабаваньнем вызваліць Інанды, але турэцкія дыпляматы афіцыйна ніякіх камэнтароў пра яго выкраданьне так і не далі.

У кіргіскай міліцыі завялі справу паводле артыкулу «Выкраданьне чалавека». Пазьней яго абвясьцілі ў міжнародны вышук па лініі Інтэрполу. Пытаньне пра зьнікненьне Інанды ўздымалася і ў парлямэнце Кіргізстану, дзе стала вядома, што ў 2019 годзе Кіргізстан адмовіў Турэччыне ў экстрадыцыі Архана Інанды. Дэпутаты назвалі яго прапажу «палітычнай апэрацыяй», адзначыўшы, што «чалавек не зьнікае проста так». Пры гэтым у ГУУС Бішкеку запэўнілі, што Архан Інанды афіцыйна не перасякаў дзяржаўную мяжу КР.

Інанды ўзначальваў сетку адукацыйных устаноў «Себат» (пазьней перайменаваную ў «Сапата»), якая працавала ў Кіргізстане ад 1992 году. У яе ўваходзяць 16 ліцэяў, міжнародны ўнівэрсытэт «Ала-Тоо», міжнародная школа UWIS і некалькі агульнаадукацыйных школ. Турэччына заяўляе, што заснавальнікам сеткі зьяўляецца турэцкі прапаведнік Фэтхулах Гюлен. Яго арганізацыі і ўстановы Анкара лічыць тэрарыстычнымі, а самога Гюлена абвінавачвае ў арганізацыі вайсковага перавароту супраць прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана.

Два гады таму Турэччына ўжо патрабавала ад Кіргізстану выдаць двух выкладчыкаў сеткі ліцэяў «Сапата», якой кіраваў Архан Інанды. Аднак грамадзянская супольнасьць тады змагла адстаяць настаўнікаў.

Афіцыйны Бішкек пакуль не камэнтуе вывазу Архана Інанды ў Турэччыну. Выданьне Kaktus.media са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што МЗС мае намер выклікаць амбасадара Турэччыны, каб уручыць таму ноту з патрабаваньнем даць тлумачэньні заяве прэзыдэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана аб затрыманьні кіргізстанца Архана Інанды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG