Вайсковы камандзір штабу генэрал Сірыліта Сабэджана заявіў журналістам, што «самалёт прапусьціў узьлётна-пасадачную паласу і паспрабаваў набраць вышыню, але ня змог і разьбіўся».
На борце самалёта знаходзілася 96 чалавек, 49 зь іх здолелі выратавацца, выскачыўшы з самалёта на малой вышыні, яны атрымалі раненьні. Зь сямі пацярпелых пы падзеньні самалёта цывільных асобаў, якія былі на зямлі, трое загінулі.
Па словах вайскоўцаў, пакуль ніякіх прыкметаў узброенага нападу на самалёт выяўлена не было, але афіцыйнае расьсьледаваньне яшчэ не пачалося — зараз робяцца ўсе намаганьні, каб выратаваць тых, хто выжыў.
Большасьць пасажыраў накіроўваліся ў пераважна мусульманскую правінцыю Сулу, дзе яны мусілі змагацца з экстрэмісцкай групоўкай Абу Саяф. Філіпіны і ЗША назвалі гэтую групу тэрарыстычнай за выкраданьне людзей, расстрэлы і арганізацыю выбухаў.
Разьбіты C-130 Hercules, адзін з найбольш часта выкарыстаных вайскова-транспартных самалётаў у сьвеце, быў адным з двух, якія ЗША падарылі Філіпінам летась.
- Гэта найгоршая авіякатастрофа на Філіпінах з 2000 году, калі разьбіўся цывільны авіялайнэр, у выніку якога загінуў 131 чалавек. Але самалёты ўзброеных сілаў краіны разьбіваюцца рэгулярна: разьбіўся вайсковы самалёт у 1971 годзе (40 загінулых), яшчэ адзін C-130 у 1993 годзе (30 загінулых), яшчэ адзін самалёт Узброеных сіл у 2008 годзе (11 загінулых) альбо вайсковы верталёт Black Hawk у канцы мінулага месяца (6 загінулых, што прывяло да спыненьня выкарыстаньня гэтых верталётаў па ўсёй краіне).