Папа Рымскі Францішак ў нядзелю быў зьмешчаны ў адну з рымскіх клінік для правядзеньня «плянавай апэрацыі» на тоўстай кішцы, паведаміў прэс-сакратар Ватыкана Матэа Бруні.
Паводле словаў Бруні, 84-гадовы пантыфік пакутуе ад «сымптаматычнага дывэртыкулярнага стэнозу» тоўстай кішкі — стану, які можа выклікаць, сярод іншага, пэрыядычныя болі ў жываце і ўздуцьце.
Дата апэрацыі не паведамляецца, але Бруні адзначыў, што пасьля яе правядзеньня будзе апублікаваная асобная заява.
Гэта першы выпадак шпіталізацыі папы Францішка пасьля яго абраньня ў 2013 годзе.
Здавалася, што Папа Рымскі знаходзіцца ў добрым здароўі, калі за некалькі гадзін да гэтага ён зьвяртаўся да тысяч людзей на плошчы Сьвятога Пятра з традыцыйным нядзельным бласлаўленьнем і пасланьнем.
Калі не лічыць ішыяс, які выклікае боль у нагах пры хадзе, здароўе пантыфіка з моманту яго абраньня было ў параўнальна добрым стане.