Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркмэнскія чыноўнікі выявілі скарачэньне насельніцтва краіны ў два разы


Ашгабад
Ашгабад

Насельніцтва Туркмэністану скарацілася да 2,7 мільёна чалавек, да ўзроўню 1980-х гадоў XX стагодзьдзя. Такую ацэнку сабралі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, якія рыхтуюцца правесьці перапіс насельніцтва, перадае Туркмэнская служба Радыё Свабода.

Папярэдняя ацэнка аказалася ў два разы меншаю за афіцыйныя дадзеныя.

У статыстыцы Сусьветнага банку, якая абапіраецца на афіцыйную інфармацыю, у 2018 годзе колькасьць насельніцтва ацэненая ў 5,8 мільёна чалавек. Афіцыйны ўрадавы праект ацэньваў насельніцтва ў 6,2 мільёна ў 2020 годзе. Крыніцы Туркмэнскай службы кажуць, што ў рэальнасьці краіна адчувае рэзкую дэпапуляцыю, што стала нечаканасьцю нават для ўладаў.

Толькі з 2008 па 2018 краіну пакінулі больш за 1 мільён 800 тысяч чалавек, сьцьвярджаюць крыніцы Туркмэнскай службы РС. Насельніцтва зьяжджае ў Турэччыну, Расею, Украіну і ва Ўзбэкістан. Пры гэтым улады спрабуюць ўскладніць выезд з краіны. Напрыклад, у 2018 годзе ўлады спынялі выезд з краіны грамадзян, маладзейшых за 40 гадоў.

Калі ацэнкі крыніц Туркмэнскай службы РС верныя, за час аўтарытарнага кіраваньня Сапармурата Ніязава і Гурбангулы Бердымухамэдава краіна скараціла сваё насельніцтва да ўзроўню 1980-х гадоў. У той жа час ва ўсіх суседніх краінах яно расьце. За гады іх кіраваньня Туркмэністан заняў ніжэйшыя пазыцыі ва ўсіх сусьветных рэйтынгах свабоды слова, палітычнага жыцьця, прэсы і інтэрнэту, і ўзроўню карупцыі. Адначасова краіна зазнаае сур’ёзныя эканамічныя цяжкасьці.

Валодаючы аднымі з найбуйнейшых у сьвеце даказаных запасаў прыроднага газу, Ашгабад давёў насельніцтва да галечы. У рэгіёнах адзначаецца дэфіцыт прадуктаў і паліва. Па прадукты па дзяржаўных коштах выстройваюцца доўгія чэргі. Растуць даўгі за кватэрную плату. Армія вымушана працаваць на палетках, каб прызыўнікі маглі пракарміць сябе. На баваўняных палях выкарыстоўваюцца прымусовая і дзіцячая праца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG