Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рахункі санаторыя «Беларусь» у Друскеніках, які раней трапіў пад санкцыі, разблякавалі


Санаторый «Беларусь»
Санаторый «Беларусь»

Паўгода разьлікі санаторыя, зьвязанага з Лукашэнкам, былі пад забаронай.

Рахункі санаторыя ў Літве, які належыць Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта Беларусі, блякавалі праз санкцыі супраць атачэньня Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер уласьнік мяняецца, а з Кіраўніцтва спраў сышоў Віктар Шэйман, які таксама пад санкцыямі. Swedbank разблякаваў рахункі санаторыя, паведаміла Delfi.

Санаторый у Друскеніках не працаваў паўгода, аднак з 393 супрацоўнікаў за гэты час звольніліся толькі 15. Санаторый можа аднавіць працу ўжо на наступным тыдні. Афіцыйна пра вернутую магчымасьць разьлікаў паведаміў старшыня працоўнай рады санаторыя Ўладзіславас Шаруцкіс.

Цягам паўзы ў працы работнікі неаднаразова зьвярталіся да кіраўніцтва Літвы з просьбай вырашыць праблему. Большасьць работнікаў санаторыя «Беларусь» — грамадзяне Літвы.

Пакуль ва ўстанове ня ведаюць, якую суму трэба будзе выплаціць работнікам за паўгода прастою.

Мэр Друскенікаў Рычардас Малінаўскас сказаў, што новым уладальнікам санаторыя можа стаць асацыяцыя ў Беларусі, зьвязаная зь лячэньнем дзяцей. Некаторыя функцыі санаторый зможа выконваць ужо ў суботу, работнікаў выклікалі на працу.

Эўразьвяз увёў у дзеяньне ўжо чатыры пакеты санкцый супраць атачэньня Лукашэнкі, гэта ў тым ліку і сэктаральныя санкцыі. Самога Лукашэнку не прызнаюць законна абраным прэзыдэнтам Беларусі, лічаць, што ён трымае ўладу незаконным шляхам, душачы дэмакратыю і свабоду слова ў краіне. Да шэрагу абмежаваньняў далучыліся ЗША, Канада, Вялікая Брытанія, Новая Зэляндыя і некаторыя іншыя краіны. Санкцыі прымаліся з прычыны палітычных рэпрэсій у Беларусі, сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў і нежаданьня кіраўніцтва дзяржавы ісьці на перамовы аб перадачы ўлады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG