«Можна заявіць пра выхад з „Усходняга партнэрства“, але нельга зьмяніць геаграфію. Беларускі народ гістарычна належаў і належыць да нашай эўрапейскай сям’і народаў. Мы працягнем яго падтрымліваць, колькі б часу не спатрэбілася на выпраўленьне гістарычных памылак Аляксандра Лукашэнкі», — напісаў Дзьмітро Кулеба на сваёй старонцы ў Twitter.
Праграма «Ўсходняе партнэрства» Эўразьвязу запачаткаваная ў 2009 годзе. Яна ўключае ў сябе Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну. Яе мэта — наблізіць гэтыя краіны да ЭЗ без канкрэтнай прапановы далучэньня.
У 2019 годзе Ўкраіна прапанавала мадэрнізаваць праграму, падзяліўшы яе ўдзельнікаў на дзьве групы: краіны, якія ўжо маюць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ, і тыя, якія толькі знаходзяцца ў працэсе падрыхтоўкі дакумэнтаў.
25 чэрвеня ў Брусэлі была прээнтаваная першая група «асацыяванага трыё» — Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.
Беларусь, як і іншыя суседзі Эўрапейскага Зьвязу, карысталася інструмэнтам Эўрапейскай палітыкі суседзтва, бюджэт якога ў 2014–2020 гадах склаў 18,2 мільярда эўра.
У рамках рэалізацыі Эўрапейскага інструмэнту суседзтва ў 2007–2013 гадах Беларусь атрымала 71,6 млн эўра на праграмы і праекты ў сфэры энэргаэфэктыўнасьці, экалёгіі, стандартызацыі, мэдыцыны і рэгіянальнага разьвіцьця. Мытны камітэт Беларусі ў рамках ініцыятывы «Інтэграванае кіраваньне межамі» рэалізуе праект «Спрыяньне стварэньню электроннай сыстэмы абмену папярэдняй інфармацыяй паміж мытнымі органамі Беларусі і Ўкраіны».
У 2014-2020 гадах дапамога Беларусі ў рамках Эўрапейскага інструмэнту суседзтва склала 170 мільёнаў эўра.