Расея працягне па дыпляматычных і іншых каналах абараняць інтарэсы расейскай грамадзянкі Софʼі Сапегі, якая была пераведзеная ў Беларусі зь СІЗА пад хатні арышт. Пра гэта ў пятніцу заявіў журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, якога цытуе агенцтва ТАСС.
Адказваючы на пытаньне, ці зьяўляецца перавод пад хатні арышт вынікам расейска-беларускіх перамоваў, прадстаўнік Крамля падкрэсьліў, што «дэ-юрэ гэта вынік тых рашэньняў, якія прынялі сьледчыя і судовыя ўлады Беларусі».
«Што тычыцца законных інтарэсаў расейскай грамадзянкі, то яны абараняліся і будуць абараняцца нашымі дыпляматамі і па іншых каналах», — сказаў Пяскоў.
Раней 25 чэрвеня стала вядома, што Соф'ю Сапегу і Рамана Пратасевіча перавялі са сьледчага ізалятара пад хатні арышт. Якпаведамілі BBC бацькі Сапегі і Пратасевіча, абое цяпер на найманых кватэрах — кожны ў асобнай.
«Яны ўсё адно пад поўным кантролем уладаў, абвінавачаньні зь іх ніхто ня зьняў», — сказаў бацька Рамана Пратасевіча Дзьмітры. Паводле яго, адвакаты і ўлады па-ранейшаму нічога не паведамляюць сямʼі. «Нам нічога ня кажуць пра стан Ромы, пра ягоны статус, гэта проста зьдзек», — сказаў ён.
Паводле Дзьмітрыя Пратасевіча, абвінавачаньняў з Рамана і Софʼі не зьнялі.
«Калі зьмянілі меру стрыманьня, гэта паляпшэньне іхных побытавых умоў. У астатнім, што будзе далей, невядома», — сказаў ён.
Дзьмітры Пратасевіч дадаў, што зь імі ніхто ня зьвязваўся.
Бацькі Софʼі Сапегі сустрэліся зь ёй напярэдадні. Яны расказалі, што пад хатнім арыштам яна ўжо дні два-тры. Час спатканьня зь ёй не абмяжоўвалі, паведаміў ейны айчым Сяргей Дудзіч.
«Софʼя сама пазваніла бацькам. Яны былі ў шоку. Сустрэча праходзіла ў рэстаране ў прысутнасьці трэціх асобаў», — сказаў адвакат Гашынскі DW.
Паводле адваката, Софʼя жыве на найманай кватэры з аховай. Бацькі могуць сустрэцца зь ёй толькі з дазволу сьледчага.
Цяпер зь ёй пастаянна і інтэнсіўна праводзяцца сьледчыя дзеяньні, сказаў Гашынскі.
«На яе накладзены шэраг абмежаваньняў, але пры гэтым яна, дзякуй богу, ужо жыве ў нармальных умовах, ва ўмовах кватэры, — сказаў Гашынскі ў эфіры тэлеканалу „Дождь“. — У яе ёсьць магчымасьць сустракацца з бацькамі, і ня толькі».
«Гэта адбылося літаральна днямі, зусім нядаўна. Літаральна ўчора Софʼя ўжо сустрэлася з бацькамі. Прычым сустрэча адбылася ў добрай, цёплай абстаноўцы, яны сустракаліся ў рэстаране, паабедалі. Зразумела, што гэта адбылося дзякуючы, у першую чаргу, сустрэчы прэзыдэнтаў, якая адбылася да гэтага. Я думаю, што дзякуючы гэтаму далейшы лёс Софʼі будзе больш-менш пэўны і станоўчы, — сказаў Гашынскі. — Я думаю, што яна апынецца дома».
Адвакат таксама даў зразумець, што на сустрэчы з бацькамі Софʼя была з Раманам Пратасевічам.
Ціханоўская: «Мы не дапусьцім гандлю жыцьцямі і лёсамі людзей»
Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што Пратасевіч і Сапега застаюцца закладнікамі.
«Тое, што Раман і Софʼя пераведзеныя пад хатні арышт і не знаходзяцца за кратамі, — гэта добрая навіна. Але хатні арышт — гэта не свабода, яны ўсё яшчэ пад абвінавачаньнем, за кожным іхным крокам усё яшчэ сочаць наглядчыкі. А значыць, яны ўсё яшчэ ў закладніках», — заявіла Ціханоўская.
Яна сказала, што бацькі Рамана лічаць, што рэжым вядзе гульню, выкарыстоўваючы жыцьці Рамана і Софʼі.
Ціханоўская нагадала, што ў Беларусі больш за 500 палітычных вязьняў, а яшчэ тысячам людзей выставілі палітычна матываваныя абвінавачаньні.
«Ім у камэры дагэтуль заліваюць хлёрку, ім няма чым дыхаць удзесяцёх у камэрах на дваіх чалавек, іх дагэтуль катуюць у „прэс-хатах“», — напісала Ціханоўская.
«І мы не дапусьцім гандлю жыцьцямі і лёсамі зьняволеных — бо толькі так мы даможамся свабоды для кожнага з гэтых невінаватых людзей», — сказала яна.
Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла
- 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
- Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
- Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
- Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
- Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
- На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
- У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
- Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
- Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
- У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
- Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
- Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
- Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
- 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
- Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
- Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
- 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
- Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
- Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
- 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
- Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
- Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
- 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
- У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
- 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
- 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
- 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
- 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
- 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
- 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
- Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
- «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
- 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
- Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
- Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
- 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
- У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.