Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Просяць не маліцца за зьняволеных». Архіяпіскап Арцемій раскрыў, чаму стаў непажаданым для РПЦ


Архіяпіскап Арцемій (у цэнтры)
Архіяпіскап Арцемій (у цэнтры)

Сынод Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату пазбавіў пасады архіяпіскапа Горадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія. Ён быў адзіным зь беларускіх праваслаўных ярархаў, хто публічна асудзіў гвалт і падтрымаў пратэстоўцаў.

Уладыка Арцемій расказаў расейскай службе Радыё Свабода, як ён сам трактуе прычыны рашэньня Сыноду РПЦ адхіліць яго ад служэньня і адправіць на спачынак.


— Гэта адбылося на ўказаньне дзяржавы. Цяпер трошкі зьмянілася становішча пасьля жнівеньскіх хваляваньняў і адбываецца ўсеагульная чыстка. Мяжа перакрытая, людзей звальняюць, саджаюць. Пакуль у іх зацішша — час для таго, каб трошкі паставіць і Царкву на месца. Таму што царкоўнікі ня ўсе падтрымліваюць існы рэжым. Цяпер прадстаўнікі ўлады разьяжджаюць па эпархіях, выступаюць там. Нават я чуў, што просяць не маліцца за тых, хто ў зьняволеньні. Такія малітвы забароненыя, каб нідзе не было і самага малога іншадумства.

Просяць не маліцца за тых, хто ў зьняволеньні

Ну і палічылі патрэбным са мной расправіцца. Па ініцыятыве гэтай улады прадстаўнікі нашай сыстэмы гаварылі з патрыярхам у Маскве і папрасілі яго паспрыяць дзеля супакаеньня становішча ў Беларусі. Мабыць, на гэта ён даў ім дабраславеньне і згоду. Сынод адразу ж аб’явіў аб сваім рашэньні.

Прэтэнзіі да сьвятара

— Што я падзяліў грамадзтва на два лягеры з палітычных матываў. Падзяліў сьвятароў і вернікаў. А гэта недапушчальна. Я запярэчыў, што з палітычных нагодаў я не выступаў. Я даў маральную ацэнку таму варʼяцтву, калі зьдзекуюцца зь людзей. Тое, што яны мне прадʼявілі, — гэта было сьмеху варта.

Магу вам прывесьці прыклад. Паказваюць мне фатаздымак кошыка зь велікоднымі яйкамі. На іх намалявана «Пагоня», наш старадаўні герб, ён сугучны і іканаграфіі. Нашых знакамітых князёў Барыса і Глеба заўсёды малююць аднаго зь дзідай, другога зь мячом, а яны бяруць сваю традыцыю яшчэ з старажытнагрэцкае царквы ад велікамучаніка Георгія Пераможца і Дзьмітрыя Салунскага зь мячом. Вось такі герб быў у нашых межах, а ў пачатку перабудовы ён быў нашым нацыянальным сымбалем, затым мы вярнуліся да савецкай сымболікі.

Па-першае, выява гэтага герба не зьяўляецца злачынствам. Па-другое, гэта сьмешна, у нас 100 парафій, і калі дзесьці дзіця намалявала на яйку «Пагоню», я павінен пра гэта ведаць і карныя меры прымаць? Велікоднае яйка ёсьць велікоднае яйка. Гэта сьвята радасьці. Людзі малююць тое, што сьвяшчэннае і дарагое для іх, гэта адпавядае велікоднаму ўспрыманьню жыцьця.

Другое абвінавачаньне: чаму ў нас сьпявалі «Магутны Божа»? (14 жніўня сьвятары Горадзенскай эпархіі на прыступках галоўнага гарадзкога храма — Сьвята-Пакроўскага катэдральнага сабора — выканалі малітоўны гімн «Магутны Божа» у падтрымку беларускага народу. РС).

Гэта стары беларускі гімн «Магутны Божа, уладар сусьвету». Мітрапаліт, знаходзячыся ў Горадні, афіцыйна забараніў сьпяваць гэты гімн? (14 кастрычніка патрыяршы экзарх усяе Беларусі Веньямін заявіў, што гімн зьяўляецца сьвецкім і падзяляе людзей. — РС) Мы яго гадамі сьпявалі. У нас музычны фэстываль «Калоскі Дабравест» зь міжнароднай музычнай праграмай заўсёды пачынаўся з гэтага сьпеву, а тут раптам гэта стала забароненым і ледзь не антыцаркоўным. На набажэнствах зразумела, але на канцэртных праграмах — гэта наш асабісты выбар. І вось у адной з парафій дзіцячы калектыў ладзіў велікодны канцэрт і прасьпяваў «Магутны Божа», што палічылі дзяржаўным злачынствам.

Ну вы самі ведаеце, калі ў нас на бальконе будуць вісець чырвоныя і белыя шкарпэткі адначасова, то можна атрымаць тэрмін.

Абвінавачаньні ў расколе

— Я не кажу ні пра які раскол. Я да гэтага стаўлюся вельмі асьцярожна і выкарыстоўваю мэдычны прынцып «Не нашкодзь». Мы не даём палітычных ацэнак. Мы спрабуем зьмяняць сытуацыю знутры, выкарыстоўваючы хрысьціянства і Эвангельле. У нас нават гаворкі не было ні пра якую аўтакефальную царкву, як на Украіне. Гэта ўвогуле нерэальная рэч, у нас усе культавыя будынкі належаць Беларускаму Экзархату, і ніякі прыход ня зможа мець храм іншай юрысдыкцыі. Гэтае пытаньне яшчэ не сасьпела нават для абмеркаваньня. Гэта домыслы і хлусьлівае абвінавачаньне. Ніякага падзелу ў нашых вернікаў няма, наадварот, мы заклікаем да салідарнасьці, адзінства.

Цяпер мы павінны адпавядаць свайму ўзроўню, а мы ператварыліся ў Царкву пэрыяду застою, ганеньняў і палону. Мы ўжо пераўзыходзім хрушчоўскія часы, калі ўпаўнаважаны перадаваў сваю волю, як жыць прыходам і што гаварыць.

Вінаваты, што наведваў турмы

— Наведваньне месцаў зьняволеньня таксама ставілася ў віну. Чаму наведвалі зьняволеных і прыносілі ім лекі і ваду? Тое, што Хрыстос сказаў: «Я быў хворы, і вы наведалі мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да мяне», — мы не павінны прымаць за кіраўніцтва да дзеяньня? Для нас мусіць быць важным указаньне кіраўніцтва. Ніякіх наведваньняў.

Наведваньне месцаў зьняволеньня таксама ставілася ў віну

І яшчэ куча дробязяў. Бацюшка бласлаўляў паству і разам са словамі «Хрыстос уваскрэс!» сказаў яшчэ: «Жыве Беларусь!» А вы што, хочаце, каб не жыла? Правільна сказаў, хай жыве Беларусь. Я кажу, я згодны з гэтымі словамі. Ва ўсіх эпархіях ёсьць моманты, калі людзі ў той ці іншай форме выказваюць сваю салідарнасьць з тымі падзеямі, якія цяпер адбываюцца. Таму абвінавачаньне проста некампэтэнтнае.

«Па стане здароўя»

— Па стане здароўя я не падаваў ніякіх прашэньняў, і я не лічу, што па стане здароўя я не магу служыць. Ёсьць, вядома, узроставыя праблемы, я ўдзяляю ім увагу, але сытуацыя не крытычная. Няма ніякіх сьведчаньняў з боку мэдыкаў, няма прадʼяўленьня мне, на падставе чаго. Я Сыноду прама сказаў: «Вы робіце несумленна, вы пазбавілі мяне катэдры. А мне ня сорамна ісьці на спачынак».

Рэакцыя духавенства на гвалт

— Гэта заканамерна — турбавацца за свой народ. Мы не даём ацэнкі ўладзе або палітычнай структуры, мы гаворым пра тое, што бачым парушэньне ўсіх нормаў чалавечага быцьця. Мы лічым гэта недапушчальным і выступаем з заклікам спыніць жорсткасьць у дачыненьні да нашага народу і вызваліць невінаватых зьняволеных. Ніякай рэакцыі Царквы на гэта не было, і цяпер нават ня згадваецца, як быццам ніхто ніколі нічога не пісаў.

Чаму мяне не адхілілі адразу ж пасьля гэтых заяваў, яшчэ ў жніўні летась? Вельмі бурны быў пэрыяд, гэта ж трэба было падліваць алею ў агонь. Гэта магло спрыяць таму, што мы маглі наогул адкрыта выйсьці на ўдзел. Цяпер народ запалоханы. Я лічу, што і з пункту гледжаньня палітычнага яны паступілі няправільна і атрымаюць вынікі не на сваю карысьць.

Далейшыя пляны

— Па-першае, паводле заканадаўства архірэйскага сабору эпархія павінна аказваць матэрыяльную дапамогу, нейкую грашовую дапамогу прызначыць. Мне загадана чамусьці пакінуць сваё месца жыхарства, я мушу зьехаць у Менск, каб застацца там у поўнай адзіноце. Хочуць загнаць мяне ў кут. Будзем жыць. Пэнсія дзяржаўная ў мяне ёсьць... Паглядзім, трэба будзе — уладкуюся на працу ў парафіі вартаўніком.

  • Архіяпіскапу Арцемію (Кішчанку) 69 гадоў. Ён архіяпіскап Горадзенскі і Ваўкавыскі, доктар тэалёгіі. Паводле Статуту РПЦ, беларускія архіярэі падаюць на імя Патрыярха Маскоўскага і Ўсяе Русі прашэньне аб адстаўцы ў 75 гадоў.​
  • Сьвятаром Арцемій стаў 39 гадоў таму. Служыў у Карэліі. У 1982 годзе вярнуўся ў Беларусь.​
  • У 2019 годзе з дабраслаўленьня архіяпіскапа Арцемія ў Калоскай царкве ўрачыста маліліся за Беларусь і беларускі народ на #БНР-101.
  • Пасьля масавых жнівеньскіх пратэстаў 2020 году архіяпіскап Арцемій ня раз выказваўся ў падтрымку пратэстоўцаў, супраць гвалту і фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. Ён адзіны зь беларускіх праваслаўных ярархаў, хто заняў такую пазыцыю.​
  • Таксама ён зьвярнуўся да настаўнікаў і заклікаў іх пакаяцца ў фальсыфікацыях.​
  • БПЦ адмежавалася ад заяваў Арцемія і назвала іх выказваньнем асабістай грамадзянскай пазыцыі.​
    Сузаснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак назваў Арцемія «выдатнай кандыдатурай на пасаду кіраўніка Праваслаўнай царквы ў новай Беларусі», а дыякан Андрэй Кураеў напісаў, што Арцемій — «сумленьне беларускай царквы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG