Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне актывы аднаго прадпрыемства беларускага бізнэсоўца Вараб’я канчаткова перайшлі ў дзяржаўнае кіраваньне


Беларускі бізнэсоўца Мікалай Варабей, фота Дар'я Буракіна \ TUT.BY
Беларускі бізнэсоўца Мікалай Варабей, фота Дар'я Буракіна \ TUT.BY

Антыманапольны камітэт Украіны дазволіў дзяржаўнай кампаніі «Укртранснафта» набыць у кіраваньне актывы прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс» (г.Роўна), кантрольны пакет акцый якога належаў беларускаму бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю.

Такім чынам, фактычна завяршаецца працэс вяртаньня магістральнага трубаправоду, які належаў гэтай кампаніі, у дзяржаўную ўласнасьць. Працэс быў распачаты сёлета 19 лютага, калі Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ўхваліла для гэтага тэрміновыя захады. Пазьней Вышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны пацьвердзіў законнасьць арышту актываў.

У сакавіку Нацыянальнае агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях знаходжаньня, вышуку і кіраваньня актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў (АРМА), абвясьціла публічны конкурс, каб вызначыць юрыдычную ці фізычную асобу для кіраваньня арыштаванымі актывамі кампаніі. У ім удзельнічалі два прадпрыемствы — сама кампанія «Прикарпатзахідтранс» і прадпрыемства «Укртранснафта», якое прапанавала лепшыя ўмовы кіраваньня і большыя пералічэньні ў дзяржбюджэт.

«Укртранснафта» разьлічвае атрымаць 29 мільёнаў грыўняў (крыху больш як 1 мільён даляраў у эквіваленце) даходаў ад кіраваньня актывамі і сплаціць у бюджэт 2,5 мільёна грыўняў (больш як 90 тысяч даляраў у эквіваленце).

Кампанія «Прикарпатзахідтранс» зарэгістраваная ў 2011 годзе. Зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны яе вывелі ў 2015 годзе. Тады суд пастанавіў перадаць усе актывы ў кіраваньне расейскай «Транснефти». Неўзабаве пасьля таго судовага рашэньня расейская «Транснефть» прадала трубаправод швайцарскай International Trading Partners AG, якую зьвязваюць з атачэньнем Віктара Медзьведчука.

Беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей у сакавіку 2019 году набыў 51% акцый прадпрыемства. Пасьля гэтага шэраг дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны заявілі, што ініцыююць перагляд судовых рашэньняў аб вывядзеньні актываў кампаніі зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны.

Адначасова з рашэньнем аб вяртаньні трубаправоду ў дзяржаўную ўласнасьць Украіна ўвяла санкцыі супраць Віктара Медзьведчука, кума расейскага прэзыдэнта, лідэра фракцыі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» і ягонай жонкі Аксаны Марчанкі. Іх лічаць датычнымі да незаконнай прыватызацыі трубаправоду ў 2015 годзе. Супраць Медзьведчука завялі крымінальную справу. Ён цяпер пад хатнім арыштам.

У траўні праграма «Схемы» ўкраінскай службы Радыё Свабода і тэлеканал «Белсат» абнародавалі вынікі расьсьледаваньня аб украінскай бізнэс-імпэрыі беларускага бізнэсоўца Мікалая Вараб’я і ягоных сувязях з украінскім палітыкам Віктарам Медзьведчуком — кумам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG