Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паўночны паток — 2» пачнуць запаўняць газам 11 чэрвеня


Будаўніцтва марской часткі першай ніткі газаправоду «Паўночны паток — 2» па дне Балтыйскага мора з Расеі ў Нямеччыну завершана, з 11 чэрвеня пачнуцца пусканаладачныя работы.

Пра гэта заявіла ў чацьвер кампанія-апэратар трубаправоду. Паводле яе, 10 чэрвеня выкладзеныя з боку Расеі і Нямеччыны марскія сэкцыі газаправоду былі злучаныя паміж сабой. Зь пятніцы пачнуцца работы па запаўненьні газаправода газам.

Гэта не азначае, што газаправод будзе ў найбліжэйшы час запушчаны ў эксплюатацыю, — чакаецца, што пусканаладачныя работы працягнуцца некалькі месяцаў. Акрамя таго, газаправод павінен прайсьці сэртыфікацыю і іншыя працэдуры.

Аб завяршэньні пракладкі труб першай ніткі газаправода паведаміў 4 чэрвеня ў прамым эфіры расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Гэта стала нечаканасьцю, паколькі раней паведамлялася, што застаецца абкласьці яшчэ некалькі дзясяткаў кілямэтраў труб.

Працягваецца кладка другой ніткі газаправода.

  • Кладка труб была спыненая ў сьнежні 2019 году больш чым на год праз пагрозу санкцый ЗША. У пачатку 2021 году яе аднавілі расейскія караблі. Яны, як і кампаніі-ўладальнікі, былі ўнесены Вашынгтонам у санкцыйны сьпіс. ЗША, аднак, ня сталі накладваць санкцыі на кампанію-апэратара «Паўночнага патоку — 2», заснаваную расейскім «Газпромам».
  • Адміністрацыя ЗША падкрэсьлівае, што выступае супраць будаўніцтва газаправоду, лічачы яго пагрозай энэргетычнай бясьпекі ЭЗ і Ўкраіны. Аднак і прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, і дзяржсакратар Энтані Блінкен заяўлялі, што перашкодзіць дабудоўцы газаправода праз санкцыі было б вельмі праблематычна, акрамя таго, санкцыі супраць нямецкіх кампаній, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве, маглі б закрануць супрацоўніцтва ЗША і Нямеччыны.
  • Вашынгтон і Берлін працягваюць перамовы пра лёс праекту — у прыватнасьці, аб магчымых гарантыях Украіне, якія маглі б стаць умовай пачатку яго эксплюатацыі. Ні пра якія канкрэтныя рашэньні пакуль не абвешчана. Улады Нямеччыны падтрымліваюць дабудову газаправоду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG