Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн працягнуў санкцыі супраць Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў


 Джо Байдэн
Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн працягнуў на год дзеяньне пэрсанальных санкцый у дачыненьні да кіраўніцтва Беларусі, уведзеных яшчэ ў 2006 годзе. Ва аўторак ён падпісаў адпаведнае рашэньне, паведамляе Белы дом.

У пастанове гаворыцца, што «дзеяньні і палітыка вызначаных прадстаўнікоў беларускага кіраўніцтва і іншых асоб працягваюць уяўляць незвычайную і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бясьпецы і зьнешняй палітыцы ЗША». Паводле Байдэна, яны таксама «падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў Беларусі».

Прэзыдэнт ЗША заявіў пра «парушэньні правоў чалавека, зьвязаныя з палітычнымі рэпрэсіямі, у тым ліку з затрыманьнямі і зьнікненьнямі [людзей], а таксама з карупцыяй і неправамерным выкарыстаньнем дзяржаўнай маёмасьці і злоўжываньня паўнамоцтвамі».

Указам блякуецца ўласнасьць і права на ўласнасьць у ЗША, рахункі і магчымасьць фінансавых апэрацый 10 асобаў: прэзыдэнта краіны, сакратара Савету бясьпекі, міністра юстыцыі і ўнутраных спраў, старшыні КДБ, кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі, кіраўніка дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё ды іншых.

Упершыню гэты ўказ зьявіўся ў чэрвені 2006 года — як адказ на сфальсыфікаваныя выбары прэзыдэнта Беларусі і задушэньне мірных пратэстаў.

3 чэрвеня ўступілі ў сілу санкцыі ЗША супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен 19 красавіка заявіў, што гэты крок — наступства грубага ігнараваньня правоў чалавека беларускімі ўладамі.

Беларускія ўлады адказалі сваімі захадамі ў адказ на адноўленыя санкцыі ЗША.

Што варта ведаць пра санкцыі ЗША

Першыя санкцыі, якія ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, прадугледжвалі блякаваньне ўласнасьці і актываў групы высокіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі распаўсюджваліся таксама і на сем’і гэтых чыноўнікаў. Ім таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

Пазьней асобам, у тым ліку і новым, якія папоўнілі сьпісы, забаранілі мець актывы на тэрыторыі ЗША і весьці бізнэс з амэрыканскімі партнэрамі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі напрыканцы 2010 году ЗША пашырылі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Акрамя таго, грамадзянам ЗША забаранілі весьці бізнэс зь дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і шэрагам іншых прадпрыемстваў. Гэтак Злучаныя Штаты адрэагавалі на рэпрэсіі пасьля выбараў, у тым ліку на зьняволеньне шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Прадпрыемствам i грамадзянам ЗША было забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, былі замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

  • У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць гэтых дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году і рэпрэсій, якія адбыліся пасьля іх, ЗША аднавілі санкцыі ад 3 чэрвеня 2021 году. Адпаведнае рашэньне 19 красавіка 2021 году апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG