Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Red Paper для NATO і ЭЗ. Што каманда Ціханоўскай прапануе краінам альянсу ў кантэксьце эўрапейскай бясьпекі


Прэм'ер-міністар Нідэрляндаў Дык Схоф і Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы ў рамках форуму NATO у Гаазе. 24 чэрвеня 2025
Прэм'ер-міністар Нідэрляндаў Дык Схоф і Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы ў рамках форуму NATO у Гаазе. 24 чэрвеня 2025

Сьвятлана Ціханоўская удзельнічае ў Адкрытым форуме NATO, які праходзіць паралельна з самітам Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Гаазе.

Як паведаміла выданьне Позірк, яна перадасьць эўрапейскім краінам аналітычны дакумэнт Red Paper, у якім вызначаныя рызыкі, якія стварае рэжым Аляксандра Лукашэнкі для бясьпекі Эўропы.

У дакумэнце, падрыхтаваным яе камандай, адзначаецца, што будучыня эўрапейскай бясьпекі «неад’емная ад будучыні Беларусі», якая знаходзіцца на ўсходнім флянгу ЭЗ і «становіцца ўсё больш важным вузлом у геапалітычнай архітэктуры рэгіёну — як крыніца рызыкі, так і патэнцыйны якар стабільнасьці».

Назва дакумэнту — Red Paper — падкрэсьлівае «тэрміновасьць сытуацыі».

«Паколькі рэжым Лукашэнкі ўзмацняе сваю палітычную, вайсковую і эканамічную залежнасьць ад Крамля, Беларусь ператвараецца на плятформу для расейскай агрэсіі супраць Украіны і суседніх краіны ЭЗ. Ці зможа ЭЗ зрабіць бясьпечнай сваю ўсходнюю мяжу, у шмат чым залежыць ад таго, ці ўдасца ўключыць Беларусь у арбіту эўрапейскай супрацы ў галіне бясьпекі», — адзначаецца ў дакумэнце.

Траекторыя разьвіцьця Беларусі, згодна з дакумэнтам, можа вызначыць будучы балянс сіл у Эўропе, «прамаруджваньне або самазаспакоенасьць рызыкуюць дазволіць яшчэ больш умацаваць расейскі ўплыў у ключавых сэктарах, такіх як ваеннае разгортваньне, энэргетычная інфраструктура, лічбавая і інфармацыйная прасторы і міграцыйная палітыка».

У гэтым кантэксьце, «дэмакратычныя сілы Беларусі ўяўляюць сабой жыцьцяздольную альтэрнатыву: сувэрэнную, арыентаваную на Эўропу Беларусі, якая садзейнічае рэгіянальнай бясьпецы, а не пагражае ёй».

Для вырашэньня праблем, якія існуюць, паводле каманды Ціханоўскай, «неабходна комплексная стратэгія ЭЗ, што аб’ядноўвае ціск на рэжым Лукашэнкі з асэнсаваным доўгатэрміновым узаемадзеяньнем і стымуламі для беларускага грамадзтва».

У дакумэнце прадстаўленыя стратэгічныя рэкамэндацыі, уключаючы энэргетычную, інфармацыйную, эканамічную, міграцыйную, вайсковую і моладзевую бясьпеку. Галоўным, як адзначаецца ў дакумэнце, «зьяўляецца геапалітычныя пераарыентацыя Беларусі шляхам яе паступовай інтэграцыі ў агульнаэўрапейскія мэханізмы бясьпекі, эканомікі і культуры», што «ня толькі пазбавіць Расею яе „стратэгічнага балькону“, але і ўмацуе ўсходні флянг ЭЗ, а таксама скароціць маштаб гібрыдных пагроз».

Эўразьвяз, як адзначаецца ў дакумэнце, павінен інвэставаць у будаўніцтва будучыні Беларусі — ад падтрымкі незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасьці да расшырэньня правоў і магчымасьцяў наступнага пакаленьня шляхам культурнага і адукацыйнага абменаў. Нягледзячы на рызыкі, адзіны падыход ЭЗ, Украіны і беларускіх дэмакратычных сіл «можа перавесьці краіну з зоны нестабільнасьці ў апору рэгіянальнай бясьпекі».

Як паведаміла прэсавая служба, раніцай 24 чэрвеня Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў Гаазе з кіраўніком ураду Нідэрляндаў Дыкам Схофам і міністрам замежных спраў краіны Каспарам Вэлдкампам, па запрашэньні якога Сьвятлана Ціханоўская ўдзельнічае у Адкрытым форуме NATO. Апроч таго, яна мела размовы з генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ і сэнатарамі ЗША Крысам Кунсам і Джын Шахін.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG