Наступствы візыту прадстаўнікоў прэзыдэнта Трампа і вызваленьне палітвязьняў абмяркоўваем з прадстаўніцай правааабарончай ініцыятывы dissidentby Марынай Касінеравай і прадстаўніком руху «Вольная Беларусь», палітолягам Паўлам Вусавым.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Марына, Павал. Як вы лічыце, ці спраўдзіцца прагноз былога палітвязьня Сяргея Ціханоўскага пра тое, што цягам месяца могуць быць вызваленыя ўсе палітвязьні?
Марына Касінерава: Для нас, як для праваабаронцаў, складана назваць гэты працэс вызваленьнем. Вызваленьнем ад катаваньняў — так, але поўным вызваленьнем наўрад ці. Нас цікавіць аднаўленьне чалавека ў ягоных законных правах, і гэтага, на жаль, не адбылося, бо людзей вывезьлі зь мяхамі на галаве і выкінулі ў іншай краіне, не пытаючыся, жадаюць яны гэтага ці не. Калі мы пабачым, што частка беларусаў будзе такім самым чынам вывезена за межы Беларусі, а іншыя застанецца ўнутры краіны пад рэпрэсіямі, якія там зараз ёсьць у дачыненьні да тых, хто ўжо адбыў свае тэрміны пакараньня, то гэта сумнеўныя рэчы.
Маю асьцярогу, што праз такія акцыі Лукашэнка зможа наладзіць нейкія кантакты з ЗША або нават Эўропай без патрабаваньня з боку ЗША зьменаў з правамі чалавека. І можа замарозіцца і закансэрвавацца сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў тым стане, у якім яна зараз ёсьць. Пры гэтым Лукашэнка там атрымае неабходную камунікацыю і зноў там стане рукапаціскальным палітыкам у заходніх краінах. І гэта будзе адзначаць, што вельмі шмат нам яшчэ прыйдзецца працаваць над тым, каб абараняць людзей і дапамагаць ім выяжджаць з краіны, нягледзячы на тое, што шмат хто хацеў бы там насамрэч застацца.
Павал Вусаў: Думаю, што цягам гэтага месяца ўсе палітычныя зьняволеныя, якія знаходзяцца ў вязьніцах у Беларусі, ня выйдуць на волю і не падыхаюць свабодным паветрам. Сам працэс можа зацягнуцца на месяцы і будзе залежаць ад таго, на якім узроўні адбыліся дамоўленасьці паміж адміністрацыяй Трампа і адміністрацыяй Лукашэнкі. Вызваленьне апошніх палітычных вязьняў, 14 чалавек, Сяргея Ціханоўскага, гэта быў палітычны аванс Лукашэнку, гэта быў рэвэранс у дачыненьні да Трампа і да візыта Кэлага ў Менск, бо гэта азначае, што Лукашэнка прынамсі з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі прызнаны за суб’ект перамоваў. І для Лукашэнка пэрсанальна гэта вельмі важна. Але таксама для яго важна, якія будуць практычныя крокі з боку адміністрацыі Трампа. Ці ЗША вырашыцца на адмену пэўных санкцый хаця б у дачыненьні да Беларуськалія, пра што было заяўлена некалькі месяцаў таму з боку таго ж Трампа. Калі гэта будзе зроблена і будзе запушчаны мэханізм гандлю, бо мы маем дачыненьне выключана з гандлем, то бок санкцыі ў абмен за палітычных вязьняў, то тады паступова людзі будуць выходзіць з вязьніцаў, але так ці інакш гэта не адбудзецца на працягу месяца і ўсё роўна гэта не адабʼецца на спосабе функцыянаваньня сыстэмы. Яна застанецца рэпрэсіўнай, гэта ніяк не паўплывае на характар дзеяньняў Лукашэнкі і ўлада ўнутры Беларусі.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум