Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ва ўпраўленьні атмасфэра страху і злосьці». Зьяўляюцца паведамленьні пра звальненьні на «Беларуснафце»


У траўні на ўпраўленьні пошукавых сэйсмавыведных работ вытворчага аб’яднаньня «Беларуснафта» пачаліся затрыманьні, арышты і звальненьні. Першая прычына — супрацоўнікі стварылі закрыты тэлеграм-чат і абмяркоўвалі палітычныя падзеі ў Беларусі. Другая — удзел у восеньскіх пратэстах.

Пра сёньняшнюю сытуацыю ва ўпраўленьні пошукавых сэйсмавыведных работ расказаў Антон (імя зьменена дзеля бясьпекі. — РС), які блізка ведае сытуацыю.

«З палявога лягеру людзей везьлі ў кайданках»

Паводле Антона, усё пачалося 12 траўня.

«Было недзе 5:30 раніцы, калі міліцыя затрымала 17 чалавек з нашага ўпраўленьня. Кагосьці затрымалі дома, астатніх у кайданках з палявога лягеру прывезьлі», — кажа ён.

Упраўленьне шукае нафту, таму супрацоўнікі часта бываюць у службовых выправах, і ня толькі ў Беларусі. Паводле Антона, ва ўпраўленьні працуюць каля 150 чалавек. Людзі трымаюцца за працу, бо заробкі на «Беларуснафце» па беларускіх мерках высокія.

14 траўня перастаў выходзіць на сувязь супрацоўнік упраўленьня Дзьмітры Грышчанка. Увосень ён запісаў публічны зварот супраць гвалту. Пасьля ператрусаў і затрыманьняў 12 траўня ён вырашыў зьехаць з краіны і купіў квіток на самалёт Менск — Кіеў. Але не пасьпеў паляцець — за два дні да вылету яго схапілі.

Цяпер у гомельскім СІЗА-3, паводле інфармацыі Антона, знаходзяцца чатыры супрацоўнікі ўпраўленьня. Крыніца сьцьвярджае, што супраць іх выстаўленыя абвінавачаньні паводле крымінальных артыкулаў за «абразу прэзыдэнта» і «заклікі да акцый пратэсту».

«Астатніх, якія, мусіць, нічога такога не пісалі ў чаце, але проста былі там, звольнілі. Яны звольненыя без тлумачэньня прычын, пад страхам звальненьня па артыкуле. Як мінімум шэсьць чалавек, і гэта толькі з аднаго ўпраўленьня. Зь яшчэ адным не працягваюць кантракту — ён у яго быў да пачатку чэрвеня. Самае цікавае, калі можна так сказаць, што людзей звальняюць ня ўсіх адразу, а па адным, па два чалавекі, з інтэрвалам у некалькі дзён — каб не было розгаласу. Дарэчы, звальняюць добрых спэцыялістаў, якія ўмець ня толькі галавой ківаць начальству, а прафэсіяналы сваёй справы. Кім будуць замяняць іх? Вось пытаньне», — тлумачыць жыхар Гомля.

Ён сьцьвярджае, што ў чарзе на звальненьне і іншыя супрацоўнікі ўпраўленьня — тыя, хто быў у чаце ці папаўся міліцыі ўвосень.

«Людзі чакаюць сваёй чаргі на звальненьне»

«Людзі чакаюць свайго часу... Рашэньні аб звальненьні былі прынятыя на ўзроўні кіраўніцтва аб’яднаньня, а начальнік упраўленьня выконвае гэта са спрытам. Гэта поўная бязглузьдзіца, абураюцца ўсе, нават „ябацькі“. Але цяпер ва ўпраўленьні атмасфэра страху і злосьці. Каго не пасадзілі ці ня звольнілі — тыя моцна напалоханыя гэтымі прыкладамі», — дадаў Антон.

Ён лічыць, што такім чынам на прадпрыемстве «выпальваюць любое іншадумства».

Увосень супраць гвалту і ў падтрымку агульнарэспубліканскага страйку выступілі чатыры супрацоўнікі «Беларуснафты». Некаторыя зь іх пасьля перасьледу міліцыяй вымушаны былі выехаць за мяжу.

У карпаратыўным кодэксе «Беларуснафты» прапісаны «дзеяньні, недапушчальныя супрацоўнікамі на прадпрыемстве». Сярод такіх дзеяньняў «правядзеньне забастовак з парушэньнем ці невыкананьнем заканадаўства, а таксама прымус работнікаў да ўдзелу ў забастоўках», «выкарыстаньне свайго службовага становішча ў карысных асабістых мэтах, у інтарэсах палітычных партый, грамадзкіх аб’яднаньняў ці для прапаганды іх дзейнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG