Як перадае «Нямецкая хваля», сустаршыня праўленьня партыі Bündnis 90/Die Grünen (Саюз-90/Зялёныя) Аналена Бербок заявіла пра неабходнасьць штрафных мераў у дачыненьні да нафтавай галіны Беларусі.
«Нафтавы бізнэс — найважнейшая крыніца прыбыткаў. Таму ў першую чаргу неабходна распаўсюдзіць санкцыі, якія цяпер накіраваныя на асобных людзей, на нафтавыя апэрацыі», — сказала яна.
Разам з тым Аналена Бербок падкрэсьліла, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўтрымліваецца, перш за ўсё, «за кошт падтрымкі Крамля». Таму, па яе словах, праект будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток — 2» — «цэнтральнае геапалітычнае пытаньне».
Адначасова лідэрка «зялёных» абвінаваціла цяперашнія ўлады Нямеччыны ў «падвойнай стратэгіі».
«З аднаго боку, кажуць, што падтрымліваюць санкцыі Эўразьвязу, зь іншага боку, фэдэральны ўрад падтрымлівае газаправод „Паўночны паток — 2“, які менавіта гэтыя санкцыі перакрэсьлівае», — заявіла яна і заклікала трымаць жорсткі курс у дачыненьні да Расеі, але працягваць дыялёг.
Урад Нямеччыны падтрымлівае «Паўночны паток — 2», хоць у краіне нямала яго крытыкаў. Супраць завяршэньня праекту выступаюць ЗША і многія краіны Эўропы. «Паўночны паток — 2» амаль дабудаваны, завершана пракладка каля 95% газаправоду.