Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: «Лукашэнку трэба ад 300 да 400 млн даляраў штомесяц»


Як толькі Лукашэнка апынаецца ў складанай сытуацыі, ён адразу едзе сустракацца з Пуціным і атрымлівае падтрымку. І на словах, і на справе Крэмль застаецца галоўным крэдыторам для рэжыму Лукашэнкі.

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка сустрэнуцца ў Сочы 28 траўня. Сустрэча ў чарговы раз праходзіць на фоне вітка напружанасьці ў Беларусі і санкцый з боку заходніх краін.

Доктар эканамічных навук і дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў постіндустрыяльнага грамадзтва Ўладзіслаў Іназемцаў падзяліўся рэфлексіяй з тэлеканалам «Настоящее время», ці гатовая Расея падтрымліваць рэжым Лукашэнкі і чаму.

— Хацеў бы я, вядома, пачаць нашу гутарку ўсё ж такі не з эканомікі, а з палітыкі, каб разумець сутнасьць таго, што адбываецца. Вы разумееце, чаму Масква ў гісторыі зь перахопам самалёта зноў выступае на баку Лукашэнкі? І нават сваю грамадзянку Соф’ю Сапегу на словах ніяк не абараняе і не патрабуе адпусьціць?

— Я думаю, што тут адказ вельмі просты, пытаньне нават ня толькі з нагоды Беларусі. Крэмль ставіцца да людзей, якія спрабуюць змагацца зь дзейнымі рэжымамі, як да патэнцыйных ворагаў. Мы ведаем такое самае наша стаўленьне да экстрэмістаў, выказанае ў новым толькі што прынятым законе. І, безумоўна, такая клясавая салідарнасьць з Лукашэнкам дапаўняецца клясавай нянавісьцю да любых людзей, якія гатовыя мысьліць вольна і тым самым выступаць супраць дзейных рэжымаў. Таму ў дадзеным выпадку мне здаецца, вядома, грамадзянка Расеі яна ці не — для Крамля не існуе самой ідэі падтрымкі людзей, якія адрозьніваюцца ад іх сваімі палітычнымі поглядамі.

— Тут заўсёды прыходзіць на згадку адна фраза, якую вельмі часта любяць выказваць расейскія палітыкі: «Мы сваіх ня кідаем». А як жа ў гэтым выпадку?

— Ну гэта ўжо даўно не свае ў дадзеным выпадку. Натуральна, таму што мы выдатна бачым, як Расея і сама спрабуе максымальна націскаць на ўнутраную апазыцыю. Маё адчуваньне заключаецца менавіта ў тым, што людзі, якія адышлі ад прынцыпаў, якія вызнае расейская ўлада, перастаюць для іх быць сваімі. Можа, яны застаюцца сваімі па пашпарце, але ў дадзеным выпадку, вядома, нічога свайго больш у іх няма.

— Зараз пра эканоміку хацелася б пагаварыць. Тое, што мы зараз бачым на рынках: у валютных аблігацыях падзеньне, заходнія інвэстары напалоханыя, у рублёвых аблігацыях тым часам моцнага падзеньня няма. Кажа гэта пра тое, што расейскія эліты падтрымліваюць рэжым у Беларусі і будуць падтрымліваць яго і далей?

— Вы ведаеце, я не магу сказаць з нагоды элітаў у шырокім сэнсе слова, але тое, што расейская ўлада гэты рэжым будзе падтрымліваць, у мяне няма ніякіх сумневаў. Вось папярэдні камэнтатар паважаны сказаў, што ён сумняваецца ў магчымасьці наданьня дадатковых сродкаў Беларусі. Я б ня быў гэтак катэгарычны. Мне здаецца, што ў цяперашняй сытуацыі фактычна блякады Беларусі спатрэбяцца дадатковыя сродкі, безумоўна. Я думаю, што мінімум таго, што Лукашэнка цяпер трэба для стабілізацыі сытуацыі, гэта дзесьці ад 300 да 400 мільёнаў даляраў штомесяц. Я думаю, што, уласна кажучы, дзеля гэтага Лукашэнка і прыяжджае ў Сочы, і, на мой погляд, гэтыя грошы яму будуць дадзены. Можа быць, ня заўтра, але ў любым выпадку сёлета Беларусь атрымае не адзін дадатковы транш крэдытаў ад Расеі, акрамя рэструктурызацыі, на мой погляд.

— Гэта значыць, атрымліваецца, што беларуская эканоміка можа разьлічваць толькі на Расею?

— Зараз адназначна, гэта значыць нават кітайцы, якія вельмі зацікаўлены ў кантактах з Беларусьсю, і зараз пайшла інфармацыя пра тое, што кітайскія прадстаўнікі вельмі актыўныя ў Менску ў апошні час. Але нават яны будуць асьцярожнічаць, безумоўна, і нейкія, можа быць, уліваньні будуць, але яны адназначна ня будуць істотна ўплываць на сытуацыю ў Беларусі. Зноў-ткі, разумееце, гэта грошы для Расеі некрытычныя. Беларускі бюджэт — гэта прыблізна 11 мільярдаў даляраў выдаткаў штогод. Нават калі Расея заплаціць чвэрць або траціну гэтай сумы, гэта 2,5–3 ці 3,5 мільярды ў год — гэта тое, што расейскі бюджэт здужае без сурʼёзных праблем. І я абсалютна перакананы ў тым, што гэта будзе рабіцца.

— Калі заходнія краіны ўсё ж увядуць сэктаральныя санкцыі і гэта закране, напрыклад, тры галоўныя прадпрыемствы краіны — «Беларуськалій», «Гродна Азот» і Мазырскі НПЗ — то што будзе тады?

— Я ўжо камэнтаваў гэта. Мне здаецца, гэта ня будзе асабліва катастрафічна, таму што нафтапрадукты, я думаю, можна прадаваць зноў-ткі залікам праз Расею. Гэта значыць, Расея можа прадаваць на Захад свае нафтапрадукты па беларускіх кантрактах, а Беларусь будзе пастаўляць перапрацаваную нафту назад у Расею, тым самым фактычна супярэчнасьць здымецца, фармальнай датычнасьці да санкцый, можа, ня будзе. Што тычыцца ўгнаеньняў, то Беларусь цяпер не арыентаваная на эўрапейскія рынкі, таму што ўжо некалькі гадоў таму значная частка гэтых угнаеньняў, больш 60–70%, ішла на тры асноўных рынка: у Індыю, у Кітай, у Бразылію.

Таму я думаю, што каб у Лукашэнкі паўсталі вельмі сурʼёзныя праблемы, то галоўная тэма тут — гэта лягістыка. То бок, калі, дапусьцім, Эўропа працягне сытуацыю і скажа, што ня толькі самалёты, якія лётаюць над Беларусьсю, у нас не прымаюцца, але і цягнікі і аўтамабілі, якія праходзяць празь Беларусь, мы таксама не зьбіраемся прымаць, пасылаць туды — вось гэта значна больш сурʼёзнае пытаньне. Парадку 6% ствараецца ў транспартным сэктары, транзыт з Эўропы ў Расею — гэта больш за дзьве траціны ўсяго аўтамабільнага транзыту паміж Эўропай і Расіяй. І вось калі гэтая магістраль будзе перакрытая, то Беларусь страціць шмат эканамічна і вельмі шмат у будучыні, таму што мы ж ведаем, як шмат расейскія лідэры кажуць пра транспартны калідор паміж Азіяй і Эўропай, які, безумоўна, праходзіць праз Менск і Берасьце. І таму калі гэтая частка будзе пастаўленая пад сумнеў для магчымага супрацоўніцтва, гэта будзе вельмі сурʼёзны званок.

— А куды яшчэ біць, каб было балюча?

— Вы ведаеце, на самай справе гэты тэрмін «каб было балюча» мне ня вельмі сымпатычны, таму што праблема заключаецца ў тым, што…

— Мне таксама, проста рэаліі такія.

-… што балюча становіцца ў асноўным грамадзянам. Нават тыя ж самыя санкцыі супраць беларускага авіятранспарту пакуль нашкодзілі толькі «Белавія» і людзям, якія лётаюць, і калектыву кампаніі, якія, уласна, ні ў чым не вінаватыя. Я думаю, што, вядома, перш за ўсё, варта было б сапраўды шукаць рахункі беларускіх элітаў за мяжой, актывы і спрабаваць нейкім чынам гуляць супраць іх, таму што мы выдатна разумеем, што дзяржаўная эканоміка зь вялікай колькасьцю ценявога абароту відавочна прадукуе сурʼёзную колькасьць грошай, якія знаходзяцца на замежных рахунках. Гэта могуць быць рахункі ў арабскім сьвеце, у Эміратах, гэта могуць быць рахункі ў Кітаі і гэтак далей, але ў любым выпадку спрабаваць знайсьці іх і спрабаваць распаўсюдзіць санкцыі на тыя банкі, фінансавыя ўстановы і дзяржавы, якія патураюць гэтаму, было б, на мой погляд, самым разумным на сёньняшні дзень інструмэнтам і крокам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG