Украіна выказала шкадаваньне з прычыны адсутнасьці прагрэсу ў палітыцы «адкрытых дзьвярэй» NATO, заявіўшы, што яна не разумее, чаму яе не запрасілі на саміт блёку ў чэрвені. Пра гэта інфармуюць агенцтвы Reuter і France-Presse.
Лідэры NATO сустрэнуцца ў Брусэлі 14 чэрвеня ў рамках намаганьняў палепшыць трансатлянтычныя сувязі пры прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну на фоне росту напружанасьці ў стасунках з Расеяй.
«Мы разумеем жаданьне саюзьнікаў правесьці закрыты саміт, але не разумеем, як можна не знайсьці фармат удзелу Украіны», — заявіў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба.
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней у гэтым месяцы заклікаў NATO узмацніць сваю прысутнасьць у Чарнаморскім рэгіёне і папрасіў ЗША падтрымаць заяўку Кіева на атрыманьне Пляну дзеяньняў па сяброўстве ў NATO на маючым адбыцца саміце.
Выступаючы на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве, Кулеба заявіў, што Кіеў ўдзячны NATO за «пастаяннае пацьвярджэньне палітыкі адчыненых дзьвярэй», але дадаў, што для яе рэалізацыі не было зроблена ніводнага кроку.
«Калі нас ва Ўкраіне абвінавачваюць у занадта павольным правядзеньні рэформаў, то што ўжо казаць аб прыняцьці і рэалізацыі рашэньняў альянсу, якія 13 гадоў пакрываюцца пылам?» — заявіў Кулеба.