Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Амэрыканскай асацыяцыі юрыстаў расказвае, чаму важна абараніць беларускіх адвакатаў


Прэзыдэнт Амэрыканскай асацыяцыі юрыстаў Патрыша Лі Рыфоў
Прэзыдэнт Амэрыканскай асацыяцыі юрыстаў Патрыша Лі Рыфоў

Амэрыканская асацыяцыя юрыстаў (ААЮ) апублікавала даклад, у якім асуджае «адвольнае пазбаўленьне ліцэнзій» у лютым беларускіх адвакатаў Людмілы Казак, Канстанціна Міхеля, Максіма Конана і Міхаіла Кірылюка.

У дакладзе, які падрыхтавалі вонкавыя кансультанты і юрысты Цэнтру правоў чалавека ААЮ, адзначаецца, што ўлады Беларусі выкарыстоўваюць карныя інструмэнты супраць тых юрыстаў, якія крытыкуюць урад альбо аказваюць юрыдычную дапамогу пратэстоўцам ці прадстаўнікам апазыцыі. «Пазбаўленьне ліцэнзій, якое разглядаецца ў гэтым дакладзе, гэта частка шырэйшай мадэлі рэпрэсій супраць юрыдычнай прафэсіі ў Беларусі, і гэтая мадэль уключае ў сябе розныя формы запалохваньня, перасьледу і ўрадавага кантролю», — гаворыцца ў дакумэнце.

Прэзыдэнт Амэрыканскай асацыяцыі юрыстаў Патрыша Лі Рыфоў адказала на пытаньні Радыё Свабода.

«Гэта і атака на іх асабістую рэпутацыю»

— Даклад, апублікаваны вашай асацыяцыяй, крытыкуе пазбаўленьне ліцэнзій чатырох беларускіх адвакатаў у лютым. Але ад выбараў мінулага году, здаецца, больш за дзясятак адвакатаў у Беларусі былі пазбаўленыя ліцэнзій. Чаму аўтары дакладу абралі менавіта гэтыя чатыры канкрэтныя выпадкі? І што гэтыя выпадкі паказваюць пра той стан, у якім знаходзіцца адвакацкая дзейнасьць у Беларусі?

— Яны абралі гэтыя чатыры выпадкі, бо гэтыя выпадкі паказальныя ў пляне таго, што адбываецца ў Беларусі. Усіх чатырох адвакатаў пазбавіла ліцэнзій кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі сёлета ў лютым. Выглядае, што ўсе гэтыя чатыры адвакаты былі выбраныя для перасьледу за дзейнасьць, якая ў прынцыпе абароненая, — за меркаваны ўдзел у мірных сходах, за камэнтары пра пагрозы вяршэнству закону і правам чалавека ў Беларусі.

Але, як вы толькі што сказалі, гэта толькі некалькі выпадкаў з агульнай колькасьці. Паводле апошніх лічбаў, якія мы маем зь Беларусі, агулам 17 адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзій ад жніўня 2020 году, калі пачаліся пратэсты і масавыя арышты. Большасьць, калі ня ўсе зь іх, былі адвакатамі, якія альбо мелі кліентамі лідэраў апазыцыі ці ўдзельнікаў пратэстаў, альбо самі ўдзельнічалі ў апазыцыйным руху ці, меркавана, удзельнічалі ў пратэстах.

— Ці бачыце вы спосабы, якімі можна дапамагчы гэтым людзям — адвакатам, якіх пазбавілі ліцэнзій?

— Зрабіўшы тэхнічны аналіз працэдур, якія выкарыстоўваліся супраць гэтых чатырох адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзій, на дадатак да нашага ранейшага дакладу пра справу супраць спадара Пыльчанкі, якога пазбавілі ліцэнзіі за тое, што ён выказаўся ў СМІ пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, мы спадзяёмся, што дапамаглі прыбраць стыгму, якая зьвязаная з такімі выпадкамі.

Страта адвакацкай ліцэнзіі, акрамя страты прафэсіі і магчымасьці працаваць адвакатам, гэта яшчэ, вядома ж, і атака на іх асабістую рэпутацыю. І Амэрыканская асацыяцыя юрыстаў хацела падкрэсьліць адвольнасьць гэтых працэдур.

Мы спадзяёмся, што нашыя публічныя заявы і нашыя даклады ня толькі дапамогуць гэтым адвакатам, але і дапамогуць тым, хто спрабуе зразумець сытуацыю ў Беларусі, а таксама гарантуе, што сытуацыя з адвакатамі будзе ўключацца ў далейшы аналіз таго, як мы можам найлепшым чынам падтрымаць дэмакратыю і вяршэнства закону ў Беларусі.

Калі ўрад захацеў бы адрэагаваць на нейкія з гэтых пытаньняў, якія выклікаюць заклапочанасьць, мы спадзяёмся, што гэтыя даклады паказваюць ім вельмі ясныя прыярытэты, як зрабіць крок назад ад эскаляцыі рэпрэсій супраць юрыдычнай прафэсіі, якія мы назіраем цяпер.

«Ніякага адказу, і гэта расчароўвае»

— Ведаю, што ў мінулым кастрычніку вы даслалі ліст ад імя Амэрыканскай асацыяцыі юрыстаў у адміністрацыю спадара Лукашэнкі. Вы выказвалі заклапочанасьць крымінальнымі абвінавачаньнямі супраць трох беларускіх адвакатаў — Максіма Знака, які дагэтуль застаецца за кратамі, а таксама Ільлі Салея і Ліліі Ўласавай. Ці атрымалі вы нейкі адказ з адміністрацыі Лукашэнкі?

— Мы сапраўды дасылалі ліст, выказваючы заклапочанасьць становішчам гэтых адвакатаў і сытуацыяй зь вяршэнствам закону агулам. Мы не атрымалі ніякага адказу, і гэта расчароўвае, улічваючы сур’ёзнасьць праблемаў, якія мы ўздымалі ў нашым лісьце.

— Ці маеце вы нейкія кантакты зь дзяржаўнымі органамі Беларусі — да прыкладу, зь Міністэрствам юстыцыі?

— Мы дасылалі наш ліст, прысьвечаны сытуацыі зь вяршэнствам закону, у гэты і іншыя дзяржаўныя органы. І, зноўку ж, мы не атрымалі ніякага адказу.

— Такім чынам, можна сказаць, што за ўвесь апошні год вы не атрымалі ніякага адказу ад уладаў Беларусі датычна сытуацыі зь вяршэнствам закону, так?

— Гэта так.

«Для юрыстаў усяго сьвету важна прадэманстраваць салідарнасьць»

— У дакладзе Амэрыканскай асацыяцыі юрыстаў крытыкуюцца новыя папраўкі ў беларускі закон аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасьці. Што выклікае ў вас найбольшую занепакоенасьць у гэтых зьменах?

— Тут сапраўды немагчыма выдзеліць нейкую асобную папраўку, якую можна назваць найбольш праблематычнай. Для нас цяпер ключавой зьяўляецца незалежнасьць юрыдычнай прафэсіі. Адвакаты павінны мець магчымасьць ствараць юрыдычныя абʼяднаньні, якія будуць незалежнымі ад вонкавых уплываў ці палітычнага нагляду. Гэта ключавы падмурак незалежнасьці юрыдычнай прафэсіі.

Як мы разумеем, гэтыя папраўкі павялічаць прамы кантроль з боку Міністэрства юстыцыі над працэсамі і над кіраўніцтвам розных асацыяцый юрыстаў у Беларусі. Гэта выклікае вялікую заклапочанасьць, калі ўлічыць, што кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі ўжо адыгрывае ролю ў атэстацыі і пазбаўленьні ліцэнзій адвакатаў, у тым ліку ў выпадках, якія мы апісвалі ў дакладах пра палітычна матываваныя пазбаўленьні адвакацкіх ліцэнзій у Беларусі.

— Летам мінулага году мы размаўлялі з Максімам Знакам — адвакатам, які згадваецца ў вашым апошнім дакладзе і пра якога вы пісалі ў лісьце ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Падчас той размовы спадар Знак казаў пра небясьпеку так званага «прававога дэфолту». Ён тлумачыў, што гэта сытуацыя, калі законы ў краіне больш не працуюць. Ад мінулага верасьня ён за кратамі, і ў размове са сваім адвакатам ён казаў пра тое, што Беларусь цяпер у сытуацыі «прававога дэфолту». Што могуць рабіць юрысты ў такой сытуацыі?

— Гэта, вядома ж, надзвычай складана — спрабаваць займацца адвакацкай дзейнасьцю, калі няма ніякай упэўненасьці, што вяршэнства закону будзе паважацца. У такіх сытуацыях нават больш важна для юрыстаў усяго сьвету прадэманстраваць сваю салідарнасьць і падтрымку сваім асобным прадстаўнікам, якія бяруцца за гэтую цяжкую працу.

Мы як прафэсійная супольнасьць павінны ясна выказацца: адвакаты, якія старанна абараняюць сваіх кліентаў ці выкрываюць парушэньні правоў чалавека, тым самым выконваюць свой прафэсійны абавязак абараняць вяршэнства закону.

Мы спадзяёмся, што, калектыўна дэманструючы нашую публічную падтрымку і аналізуючы гэтыя канкрэтныя выпадкі, мы можам дапамагчы праліць сьвятло і даць інфармацыю для дыскусій унутры Беларусі, а таксама супрацьстаяць небясьпечнай сытуацыі, у якой адвакаты робяцца мішэньню для ўладаў — напрыклад, праз абвінавачаньні, датычныя нацыянальнай бясьпекі, як у выпадку спадара Знака.

Юрысты ў Беларусі і па ўсім сьвеце павінны ўвесь час супрацьстаяць любым спробам падаць як пагрозу нацыянальнай бясьпецы адваката, які кідае выклік ураду ці старанна абараняе кліента.

«Адвакаты не павінны сутыкацца з помстай»

— Што б вы сказалі тым людзям у Беларусі, якія страчваюць веру ў прававую сыстэму, калі бачаць, што яна робіцца інструмэнтам рэпрэсій, а ня сродкам захаваць справядлівасьць ці абараніць грамадзян?

— Тут ёсьць прычыны быць занепакоенымі, калі прыняць пад увагу тое, што мы пабачылі. Каб вярнуць кантроль над прававой сыстэмай трэба мець незалежную адвакацкую дзейнасьць. Прадстаўнікі юрыдычнай прафэсіі павінны мець магчымасьць брацца за справы і абарону кліентаў без таго, каб сутыкацца з помстай.

Менавіта таму Амэрыканская асацыяцыя юрыстаў заклікае ўлады Беларусі выконваць свае абавязаньні паводле міжнароднага заканадаўства і ўстрымацца ад помсты адвакатам за выкананьне тымі сваіх прафэсійных абавязкаў.

Свабодная і незалежная адвакацкая дзейнасьць жыцьцёва неабходная, каб гарантаваць доступ да правасудзьдзя, гарантаваць тое, што парушальнікі правоў чалавека панясуць адказнасьць, і абараніць ад пагрозаў вяршэнства закону ў любым грамадзтве.

Улады Беларусі маглі б пачаць з таго, каб адмовіцца ад любога адміністрацыйнага і крымінальнага перасьледу адвакатаў, якія зрабіліся мішэнямі з палітычных матываў, у парушэньне нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства, вызваліць зьняволеных адвакатаў і аднавіць скасаваныя адвакацкія ліцэнзіі, каб дазволіць адвакатам выконваць свае прафэсійныя абвязкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG