Чаму нельга трапіць ва Ўкраіну?
З 20 сьнежня 2020 году Беларусь практычна закрыла свае наземныя межы. Для выезду патрэбны падставы. Маючы адпаведныя дакумэнты, можна праехаць на аўтобусе/аўтамабілі ва Ўкраіну для мэдыцынскага лячэньня ці працы.
Украіна спыніла палёты на самалёце ў Беларусь з 26 траўня.
Як праехаць па зямлі?
Пераехаць на аўтобусе/аўтамабілі можна, калі вы маеце:
- дакумэнты аб лячэньні ва ўкраінскіх мэдыцынскіх установах;
- дакумэнты, якія сьведчаць пра тое, што вы будзеце працаваць ва Ўкраіне (запрашэньне на працу ня лічыцца падставай для выезду);
- дакумэнты, што вы вучыцеся ва Ўкраіне;
- можна праехаць у сувязі зь цяжкай хваробай ці сьмерцю блізкага сваяка (трэба мець арыгінал тэлеграмы, ці даведку ад лекара, ці пасьведчаньне пра сьмерць).
Праз Расею — ва Ўкраіну
Беларусам трэба мець падставы на ўезд у Расею. Але для самалёта і цягніка яны не патрэбны. Дастаткова тэсту на COVID-19. Але з Масквы ў Кіеў няма самалётаў і цягнікоў. Ходзяць аўтобусы.
Падставамі паездкі ў Расею на аўтобусе або ўласным аўтамабілі можа быць працоўная дзейнасьць, лячэньне, цяжкая хвароба ці сьмерць блізкага сваяка.
Ёсьць прапановы даехаць цягніком да расейскага Смаленску (63 беларускія рублі), там вас сустрэне мікрааўтобус і давязе да Кіева (100 даляраў).
А па небе можна паляцець?
Можна дабрацца да Кіева празь іншыя краіны. Напрыклад, самалётам Менск — Кішынёў ляцім у сталіцу Малдовы. Потым — аўтобусам ці самалётам да Ўкраіны.
Аналягічна можна дабрацца да Масквы самалётам, адтуль па небе да Кішынёва і далей да Кіева.
Пакуль «Белавія» працуе ў кірунках Баку, Тбілісі, Ерэван, Стамбул, можна дабрацца да Ўкраіны праз Армэнію, Азэрбайджан, Грузію і Турэччыну.
Колькі будуць каштаваць падарожжы па небе?
Найбольш прымальны варыянт цяпер — ляцець праз Кішынёў. Зь Менску да сталіцы Малдовы ёсьць рэйсы «Белавія» па цотных датах. Кошт квітка на найбліжэйшыя дні — 184 даляры.
З Кішынёва да Кіева можна даляцець за 125 даляраў або прыехаць аўтобусам.
- Ад Менску да Масквы — ад 178 даляраў
- Да Батумі — 214 даляраў
- Да Тбілісі — 183 даляры
- Да Ерэвану — 220 даляраў
- Да Стамбулу — 307 даляраў