Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША аб прымусовай пасадцы самалёта ў Менску: «Нахабныя і шакавальныя дзеяньні рэжыму Лукашэнкі»


Энтані Блінкен
Энтані Блінкен

Энтані Блінкен заклікаў не мірыцца са сваволяй Лукашэнкі і заявіў, што Злучаныя Штаты ўжо ўзгадняюць далейшыя крокі са сваімі партнэрамі.

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Энтані Блінкен пракамэнтаваў здарэньне зь лайнэрам Атэны — Вільня 23 траўня, які прымусова з прымяненьнем вайсковага зьнішчальніка пасадзілі ў Менску, каб затрымаць журналіста Рамана Пратасевіча.

«Мы моцна асуджаем нахабныя і шакавальныя дзеяньні рэжыму Лукашэнкі для перанакіраваньня камэрцыйнага палёту і арышту журналіста. Патрабуем міжнароднага расьсьледаваньня і ўзгадняем з нашымі партнэрамі наступныя крокі. Злучаныя Штаты разам з народам Беларусі», — паведаміў Блінкен у твітэры.

Разам з Раманам затрымалі і ягоную дзяўчыну, якая таксама ляцела гэтым рэйсам. Дагэтуль нічога не вядома, у якім яны стане і дзе іх утрымліваюць улады. Бацька Пратасевіча, вайсковец у адстаўцы, зыходзячы са свайго досьведу, выказаў упэўненасьць, што спэцслужбы Беларусі дзейнічалі не адны.

Падзеі 23 траўня ў Беларусі выклікалі моцную міжнародную рэакцыю. Беларускія палітыкі — праціўнікі Лукашэнкі Павал Латушка і Сьвятлана Ціханоўская запатрабавалі ад міжнароднай супольнасьці пераходу ад словаў занепакоенасьці да канкрэтных дзеяньняў.

У Менску ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» пазаплянава сеў самалёт Атэны — Вільня, пілёты падалі аварыйны сыгнал, бо ім паступіла паведамленьне пра бомбу на борце. На распараджэньне Лукашэнкі дзеля суправаджэньня гэтага самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29.

У час атрыманьня паведамленьня самалёт быў ля самай мяжы зь Літвой, аэрапорт прызначэньня быў для яго найбліжэйшым пунктам пасадкі, аднак замест гэтага ён скіраваўся ў Менск. Экіпаж пры гэтым нічога не патлумачыў пасажырам. Пазьней стала вядома, што паведамленьне экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспэтчараў.

Шэраг палітычных дзеячоў назваў дзеяньні рэжыму Лукашэнкі «міжнародным тэрактам» і патрабуе пакараць яго за парушэньне ўсіх прынцыпаў ажыцьцяўленьня і забесьпячэньня палётаў грамадзянскай авіяцыі. Генэральная пракуратура і паліцыя Літвы пачалі захады ў сувязі зь інцыдэнтам з самалётам Ryanair, старт далі двум дасудовым расьсьледаваньням: у сувязі з захопам самалёта і з прымусовай пасадкай.

Раману Пратасевічу 26 гадоў. Як журналіст ён некалькі гадоў супрацоўнічаў зь беларускімі выданьнямі. Пазьней далучыўся да тэлеграм-каналу Nexta, быў там галоўным рэдактарам. На момант затрыманьня працаваў у камандзе тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга», які раней адміністраваў блогер Ігар Лосік.

Рамана Пратасевіча, як і заснавальніка NEXTA Сьцяпана Пуцілу, рэжым Лукашэнкі абвясьціў у міждзяржаўны вышук. Пратасевіча і Пуцілу абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, — арт. 293, арт. 342, а таксама ў распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Іх унесьлі ў так званы «сьпіс тэрарыстаў», які афіцыйна называецца «Пералік арганізацый і фізычных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG