Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта беспрэцэдэнтны акт дзяржаўнага тэрарызму». Міжнародныя рэакцыі на прымусовую пасадку ў Менску самалёта Ryanair


Пасаджаны ў Менску самалёт Ryanair. Фота: delfi.lt
Пасаджаны ў Менску самалёт Ryanair. Фота: delfi.lt

Працягваюць паступаць міжнародныя рэакцыі на прымусовую пасадку ў Менску самалёта авіякампаніі Ryanair. Апазыцыйны актывіст Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, быў арыштаваны ў Менску.

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі:

«Я зьвярнуўся да старшыні Эўрапейскай рады наконт дапаўненьня парадку дня заўтрашняй Эўрапейскай рады пунктам аб неадкладным увядзеньні санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Захоп цывільнага самалёта — гэта беспрэцэдэнтны акт дзяржаўнага тэрарызму, які ня можа застацца беспакараны».

Старшыня Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен:

«Абсалютна непрымальна прымушаць да пасадкі ў Менску рэйсу Ryanair з Атэнаў у Вільню. УСЕ пасажыры мусяць неадкладна атрымаць магчымасьць працягваць палёт у Вільню, іх бясьпека мусіць быць гарантаваная.

Любое парушэньне міжнародных правілаў авіяперавозак мусіць цягнуць за сабой наступствы».

Кіраўнік дыпляматычнай службы ЭЗ Жузэп Бурэль:

«Мы ўважліва сочым за падзеямі вакол сёньняшняга рэйсу Ryanair з Атэнаў у Вільню, які быў прымусова пасаджаны ў Менску з прычыны меркаванай пагрозы бясьпецы. Гэта абсалютна недапушчальна. Мы лічым улады Беларусі адказнымі за бясьпеку ўсіх пасажыраў і самалёта. УСЕ пасажыры мусяць атрымаць магчымасьць неадкладна працягваць падарожжа».

Старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль:

«Мы вельмі занепакоеныя паведамленьнямі аб прымусовай пасадцы ў Менску самалёта Ryanair. Заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць самалёт і яго пасажыраў. Неабходна, каб Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) правяла расьсьледаваньне інцыдэнту».

Сустаршыня Эўрапейскай рады міжнародных дачыненьняў, былы міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більт:

«Настаў час Эўразьвязу ўжыць у дачыненьні да Беларусі “мову сілы”. Дзяржаўнае пірацтва ў паветры паміж сталіцамі краінаў Эўразьвязу абсалютна недапушчальнае».

Міністар замежных справаў Францыі Жан-Іў Лё Дрыян:

«Зьмена беларускімі ўладамі курсу рэйсу Ryanair недапушчальная. Неабходны цьвёрды і супольны адказ эўрапейцаў. Усім пасажырам рэйсу, у тым ліку магчымым беларускім апазыцыянэрам, мусіць быць дазволена неадкладна пакінуць Беларусь».

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа выступіў з заявай з нагоды сёньняшняга здарэньня:

«Сёньня пасажырскі самалёт, які ляцеў у Вільню, быў прымусова пасаджаны ў Менску падуладнай беларускаму рэжыму службай. Паводле першапачатковых зьвестак, сілы беларускага рэжыму затрымалі прадстаўнік беларускай апазыцыі Рамана Пратасевіча, якому ў Літве нададзены прытулак і які ляцеў у Вільню.

Я патрабую, каб беларускі рэжым неадкладна вызваліў затрыманага і дазволіў яму, як і ўсім астатнім пасажырам самалёта, працягваць рэйс у Вільню. Я заклікаю саюзьнікаў у NATO і ЭЗ неадкладна адрэагаваць на пагрозу, якую беларускі рэжым стварае міжнароднай грамадзянскай авіяцыі. Міжнародная супольнасьць павінна прыняць неадкладныя захады, каб прадухіліць паўтарэньне падобных інцыдэнтаў. Я буду гаварыць пра гэта на Эўрапейскай радзе, якая пачнецца заўтра ў Брусэлі», — напісаў прэзыдэнт Літвы.

Раней ён напісаў у Твітэры:

«Беспрэцэдэнтнае здарэньне! Цывільны пасажырскі самалёт, які ляцеў у Вільню, быў прымусова пасаджаны ў Менску. Беларускі палітычны актывіст і заснавальнік @NEXTA_EN быў на борце. Ён арыштаваны. За гэтай агіднай акцыяй стаіць беларускі рэжым. Патрабую неадкладнага вызваленьня Рамана Пратасевіча!»

Міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс напісаў у Фэйсбуку:

«Трывожныя навіны пра прымусовую пасадку ў Менску міжнароднага рэйсу з Атэнаў у Вільню. Мы працуем зь міжнароднымі партнэрамі, каб гарантаваць бясьпечнае вяртаньне ўсіх падарожнікаў у Вільню».

З нагоды інцыдэнту выказаўся і былы міністар замежных справаў Літвы, амбасадар для асаблівых даручэньняў Лінас Лінкявічус:

«Уся гэтая неабдуманая і незаконная „апэрацыя“ спэцслужбаў беларускага рэжыму заслугоўвае моцнага адказу, а ня толькі асуджэньня. Немагчыма карыстацца паветранай прасторай, якую кантралююць рэжымныя злачынцы».

МЗС Украіны:

«Чарговы раз трывожныя навіны зь Беларусі. Гэтым разам у Менску затрыманы беларускі журналіст Раман Пратасевіч. Чарговая атака на свабоду слова з боку беларускай улады. патрабуем неадкладнага вызваленьня»и

Лідэр Эўрапейскай народнай партыі Дональд Туск:

«Лукашэнка стаў пагрозай ня толькі для грамадзянаў сваёй краіны, але таксама для міжнароднай бясьпекі. Ягоны акт дзяржаўнага тэрарызму патрабуе неадкладнай і рашучай рэакцыі ўсіх эўрапейскіх урадаў і інстытуцыяў».

Журналіст Bellingcat Хрыста Грозеў даў свой камэнтар пра здарэньне

«Гэта сур’ёзнае парушэньне Чыкагскай канвэнцыі аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі і можа кваліфікавацца як тэрарыстычны акт, які ставіць пад пагрозу сотні жыцьцяў на борце і на зямлі.

Калі да гэтага часу Беларусь не была паўнавартаснай дзяржавай-ізгоем, то цяпер яна, безумоўна, стала ім. Іран і Паўночная Карэя не адважыліся б на такі крок».

МЗС Аўстрыі:

«Трывожныя паведамленьні пра самалёт Ryanair, які быў перанакіраваны ў Менск. Усім пасажырам мусіць быць дазволена працягваць іх палёт, нам патрэбнае незалежнае міжнароднае расьсьледаваньне гэтага інцыдэнту. Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня актывіста Рамана Пратасевіча».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG