Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі сказала, што трэба зрабіць Tut.by, каб яго разблякавалі


Здаецца, місія невыканальная.

Першы намесьнік міністра інфармацыі Аляксандар Кунцэвіч растлумачыў, чаму заблякавалі Tut.by.

«Што тычыцца блякаваньня — трэба разумець, што гэтае рашэньне было прынята ня з бухты-барахты, а сапраўды Генпракуратура ўстанавіла факт парушэньня заканадаўства пра СМІ. Гаворка ідзе пра артыкул 38-ы, згодна зь ім забаронена разьмяшчэньне інфармацыі ад імя незарэгістраваных у нашай краіне вось гэтых фондаў. Гэтыя факты пацьвердзіліся, такіх артыкулаў не адзін, скажам так. І менавіта на падставе гэтага Міністэрства інфармацыі прыняло гэтае рашэньне разумеючы, што заканадаўства павінна выконвацца», — цытуе Кунцэвіча Tut.by.

Пытаньне, калі будзе адноўлены доступ да Tut.by, трэба задаваць не Міністэрству інфармацыі, лічыць Андрэй Кунцэвіч.

«Гэта, пэўна, пытаньне не да Мінінфарму, а да кіроўнага зьвяна парталу Tut.by — зробяць яны нейкія крокі для выпраўленьня выяўленых парушэньняў, ня зробяць, мне пра гэта на сёньняшні дзень невядома», — сказаў чыноўнік

На заўвагу, што ўладальнікі парталу ня маюць доступу да сэрвэраў, ён параіў зьвяртацца ў іншыя ведамствы.

«Ну не Міністэрства інфармацыі ж забірала ў іх гэтыя сэрвэры! Гэта ня ў нашай кампэтэнцыі. Хай яны разьбіраюцца з тымі службамі ці арганізацыямі, у распараджэньні якіх дадзенае пытаньне знаходзіцца».

18 траўня дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю правёў ператрусы ў рэдакцыі Tut.by, яе рэгіянальных офісах і дома ў супрацоўнікаў парталу. Было заяўлена, што ў дачыненьні да службовых асобаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» распачата справа па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Затрымалі 15 чалавек.

Практычна адначасова, на падставе звароту Генэральнай пракуратуры, Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ да сайта tut.by і яго люстэркаў. Падставай сталі артыкулы, у якіх згадваўся фонд салідарнасьці BYSOL, не зарэгістраваны ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG