Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У дзьверы курыі кінулі вазон вагой каля 7 кіляграмаў». Невядомыя напалі на касьцельны будынак у цэнтры Менску


У дзьверы шпурнулі вазонам і пашкодзілі дамафон, фота Tut.by
У дзьверы шпурнулі вазонам і пашкодзілі дамафон, фота Tut.by

Уначы з 18 на 19 траўня невядомыя пашкодзілі маёмасьць прыходу касьцёла Панны Марыі і пробашча Антонія Клімантовіча. Пра гэта расказаў Свабодзе прэс-сакратар Каталіцкай царквы ў Беларусі ксёндз Юры Санько.

«У аўтамабілі пробашча было пабітае шкло; разьбіты дамафон парафіяльнага дома, пашкоджаныя дзьверы, вазоны, зламаны ліхтар на газоне», — кажа ксёндз Юры.

У сераду а чацьвёртай гадзіне раніцы невядомыя людзі залезьлі на тэрыторыю за катэдральным касьцёлам.

«Гэта прыватная тэрыторыя, закрытая плотам».

Як гэта адбывалася, ніхто з прадстаўнікоў касьцёла ня чуў.

«Гэта здарылася ў чатыры гадзіны ночы, усе сьпяць у гэты час, як гэта магчыма заўважыць?»

Ксёндз Юры назваў гэты выпадак неардынарным.

«Падобнага нічога ніколі не было ў нас у Менску, тым больш у цэнтры сталіцы, каб улазілі на тэрыторыю і рабілі такую шкоду».

На месца здарэньня прыяжджалі сьледчыя, агледзелі яго і зрабілі фатаздымкі.

«Гэта паказана слабасьць чалавека, які такое чыніць»

Пробашч Антоні Клімантовіч сказаў Свабодзе, што зламысьнікі пашкодзілі ня толькі дзьверы парафіяльнага дома, але і дзьверы курыі.

«У дзьверы курыі кінулі вазон вагой прыкладна кіляграмаў сем. Шыбу ў дзьвярах не пабілі, але сам плястыкавы вазон пабіўся. На парафіяльных дзьвярах пабілі дамафон. Гэта ўсё непрыемна; невядома, хто гэта зрабіў. Камусьці трэба было знайсьці менавіта мой аўтамабіль, бо побач стаяла шмат машын, знайшлі самую далёкую, якая была ў двары за плябаніяй. Калі б гэта былі нейкія вандалы, то там можна было б столькі машын папсаваць. Але пашкодзілі толькі адну».

Па часе гэта адбылося пасьля таго, як пачаліся рэпрэсіі супраць парталу Tut.by.

Паводле ксяндза Антонія, гэта вельмі кепска, што такое ўчынілі зь вядомым парталам.

«Касьцёл выступае ўвесь час супраць гвалту, падтрымлівае любоў і прабачэньне. Мы гэтаму вучым людзей, і як мы можам казаць нешта іншае?! Ва ўсім мусіць быць праўда. Заўсёды молімся пра навяртаньне таго, хто чыніць зло», — сказаў ксёндз Антоні.

Паводле пробашча, зло, якое зрабілі, не праходзіць бясьсьледна. Чалавек, які гэта ўчыніў, ня быў п’яным. Ксёндз Антоні напісаў заяву пра напад у міліцыю.

Сьледчыя запрасілі запісы з камэр відэаназіраньня, бо непадалёк знаходзіцца будынак ГУБАЗіК і ёсьць відэакамэры, накіраваныя на касьцельны двор, на выхады і падыходы.

«Такое ў нас было недзе ў 90-я гады, тады ў нас не было гэтага двара, быў двор з францускай амбасады, з вуліцы Рэвалюцыйнай. Тады пацярпелі шэсьць машын жыхароў, і нас гэта трохі захапіла. Даставалі магнітолы, гэта быў недзе 1997 год. Мы тады таксама выклікалі міліцыю, але знайсьці цяжка, тады і камэраў было меней. А больш нічога не было. Гэта паказана слабасьць чалавека, які такое чыніць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG