«Містэр Блінкен, мы абыдземся бяз вас і ў радасьці, і ў смутку. Займіцеся рашэньнем амэрыканскіх праблемаў. Для пачатку вы можаце паведаміць пра тое, што зроблена ў Аўганістане на працягу 19 гадоў вайсковай прысутнасьці. Раскажыце пра дасягненьні, за выключэньнем забітых мірных жыхароў. Калі турбуе гісторыя, яшчэ ня позна папрасіць прабачэньня за Хірасіму», — гаворыцца ў акаўнце МЗС Расеі ў Твітэры.
18 траўня, у Дзень памяці ахвяраў генацыду крымскататарскага народу, дзяржсакратар ЗША Блінкен заявіў: «Мы асуджаем парушэньні Расеяй правоў чалавека ў Крыме, асабліва 18 траўня, у 77-ю гадавіну дэпартацыі Сталіным вялікай колькасьці крымскіх татараў з роднага паўвострава».
Блінкен таксама паведаміў, што ЗША прымуць удзел у першым саміце міжнароднай канфэрэнцыі «Крымская плятформа», заплянаваным на 23 жніўня.
Раней прэсавая сакратарка МЗС РФ Марыя Захарава адзначыла, што расейскі бок гатовы ўзяць удзел у «Крымскай плятформе», ініцыяванай Украінай, калі на канфэрэнцыі будуць абмяркоўвацца праблемы паўвострава — ад водазабесьпячэньня да транспартных праблемаў.