Пра гэта Данілаў паведаміў у эфіры праграмы «Свабода слова Савіка Шустэра».
Ён адказваў на пытаньне, ці магчымы абмен Медзьведчука і іншых сябраў яго партыі ў Расею пасьля іх асуджэньня на ўкраінцаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай у Расеі. «Гэтае рашэньне прымае прэзыдэнт Украіны. Я думаю, што калі будзе такая магчымасьць, то мы ахвотна гэта зробім», — адказаў чыноўнік, адзначыўшы, што судовага рашэньня ў справе Медзьведчука яшчэ не было.
Медзьвядчук — лідэр партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё», яна кантралюе найбуйнейшую апазыцыйную фракцыю ў Вярхоўнай Радзе. Апанэнты абвінавачваюць партыю ў прарасейскіх настроях, што лічыцца імі недапушчальным пасьля анэксіі Расеяй Крыму і падтрымкі Масквой сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.
Медзьвядчук падазраецца ў дзяржаўнай здрадзе, спробе разрабаваньня нацыянальных рэсурсаў і парушэньні правілаў вядзеньня вайны. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі. 66-гадовы дэпутат узначальваў Адміністрацыю прэзыдэнта Ўкраіны падчас другога тэрміну прэзыдэнцтва Леаніда Кучмы ў пачатку двухтысячных гадоў, двойчы быў намесьнікам старшыні Вярхоўнай Рады, а ў траўні заняў 12 месца ў рэйтынгу самых багатых украінцаў паводле вэрсіі часопіса Forbes з ацэнкай багацьця ў 620 мільёнаў даляраў.
Медзьвядчук — кум расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Той у 2004 годзе выступіў хросным бацькам малодшай дачкі ўкраінскага палітыка Дар’і.