Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашыньян зьвярнуўся да Пуціна па вайсковую дапамогу


Студзень 2021 году. Уладзімір Пуцін і Нікол Пашыньян.
Студзень 2021 году. Уладзімір Пуцін і Нікол Пашыньян.

Выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Армэніі Нікол Пашыньян зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна з просьбай аказаць дапамогу ў адпаведнасьці з армяна-расейскай дамовай, у тым ліку вайсковую.

Пра гэта піша армянская служба Радыё Свабода са спасылкай на віцэ-сьпікера армянскага парлямэнту, прадстаўніка партыі «Грамадзянская дамова» Алена Сіманьяна.

«Інфармацыя ў прэсе, што гэтае пытаньне не абмяркоўвалася, тычыцца ўчорашняй тэлефоннай размовы аб тым, што азэрбайджанскія войскі адыдуць цягам ночы, але паколькі гэтага не адбылося, сёньня раніцай ужо афіцыйна зьвярнуліся да Расейскай Фэдэрацыі», — дадаў ён.

Урад пакуль не распаўсюдзіў афіцыйнага паведамленьня пра гэта. Раней Пашыньян абвінаваціў азэрбайджанскіх вайскоўцаў у пераходзе дзяржаўнай мяжы на поўдні краіны, назваўшы іх дзеяньні замахам на сувэрэнную тэрыторыю.

Азэрбайджан раней заяўляў, што лічыць недапушчальнымі «спробы Ерэвану выкарыстоўваць сытуацыю ў Сюніцкай вобласьці ў палітычных мэтах». Пра гэта гаворыцца ў заяве МЗС Азэрбайджану. Падобныя выпадкі «могуць і павінны вырашацца шляхам узаемных кантактаў паміж вайскоўцамі з абодвух бакоў», падкрэсьліваюць у ведамстве. Азэрбайджан заявіў аб схільнасьці спыніць напружанасьць у рэгіёне і заклікаў рабіць крокі для гэтага.

  • Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі».
  • Падчас узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, пераважна этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і змушанымі перасяленцамі.
  • «Нагорна-Карабаская рэспубліка» афіцыйна не прызнаная ніводнай зь дзяржаваў ААН, у тым ліку Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.
  • Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна істотны горад Шуша (па-армянску Шушы). Назаўтра пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
  • Паводле дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі дотыку разьмешчана міратворчая місія Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG