Прыватнай кампаніі з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў Лукашэнка аддаў тэрыторыю ад Цнянскага вадасховішча да праспэкта Пераможцаў і ад Арлоўскай вуліцы да МКАД. Тут зьбіраюцца будаваць экспэрымэнтальны шматфункцыянальны комплекс «Паўночны бераг».
13 траўня ён падпісаў адпаведны ўказ пад нумарам 186, паведаміла ягоная прэс-служба.
У «Паўночным беразе» будуць жылыя дамы, а таксама сацыяльныя і грамадзкія абʼекты.
- Тэрмін будаўніцтва — да 2040 году.
- Плошча памяшканьняў — больш за 6 мільёнаў м².
- Кошт — больш за 10 мільярдаў рублёў (амаль 4 млрд даляраў у пераліку).
- Назва кампаніі-інвэстара — «Рывэрсайд дэвэлапмэнт холдынгз лімітэд», ААЭ.
У першую чаргу возьмуцца за будынкі
- Міжнароднага выставачнага цэнтру,
- Інстытуту штучнага інтэлекту,
- Менскага цэнтру міжнароднага гандлю.
У 2009-м на згаданай тэрыторыі — у полі між Навінкамі і Зацаньню — ужо зьбіраліся будаваць мікрараён «Паўночны». Але будоўлю згарнулі пасьля загаду Лукашэнкі не чапаць ворныя землі
У траўні 2012 году Лукашэнка ў звароце беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу заявіў, што кіраўнікі да ворных земляў ставяцца «разбойна» «пад маркай акупных добрых інвэстыцый».
«Вось мне і давялося вярнуць права раздачы сельгасземляў прэзыдэнту. Забраць у губэрнатараў гэтую функцыю. Яны ёй не далі рады. Пачалі працаваць на шкоду краіне. І сёньня ніводнага гектара земляў сельгаспрызначэньня без прэзыдэнта нельга заняць пад іншыя мэты. Папярэджваю ўсіх: гэта самае жорсткае крымінальнае злачынства! Калі гэта адбудзецца без майго ведама! Лічыце, што ў нас накладзена практычна забарона на адвод земляў сельгаспрызначэньня пад прамысловае будаўніцтва: ці то сельскагаспадарчае, ці то заводы, фабрыкі і гэтак далей. Я гэтага рашэньня абсалютна не баюся, гэта не затармозіць наша разьвіцьцё, бо ў нас столькі няўдобіц, у нас столькі нескарыстаных земляў, што хопіць на ўсіх эўрапейскіх і яшчэ амэрыканскіх інвэстараў», — сказаў тады Лукашэнка.
«Па 40-50, нават 10 гектараў пад жыльлёвае будаўніцтва выдзяляцца больш ня будзе. Ня толькі пад Менскам, але ў ніводным пункце нашай Беларусі», — дадаў ён.