«10 траўня тэрарыстычная арганізацыя ХАМАС пачала чарговую сэрыю злачынстваў супраць мірных жыхароў Ізраілю, падвергшы нашу краіну няспынным ракетным абстрэлам з боку сэктару Газа, — цытуе зварот амбасадара БелаПАН. — Ад 6 гадзіны вечара 10 траўня па Ерусаліме, Тэль-Авіве і іншых гарадах Ізраілю было выпушчана больш за 1500 ракет, прычым больш за 250 ракет упалі на жылыя раёны самога сэктару Газы».
Паводле амбасадара, у выніку абстрэлаў у Ізраілі загінулі сем чалавек, у тым ліку пяцігадовы хлопчык, параненыя — сотні, трое сутак больш за 2 млн ізраільцянаў вымушаныя хавацца ў бамбасховішчах, ад ракет пакутуюць і арабы, якія пражываюць у Ізраілі.
«У Ізраіля ёсьць права абараняць сябе, гарантуючы бясьпеку сваіх грамадзянаў. Ізраіль дае адэкватны і ўмераны адказ на тэрор, якому падвяргаецца. Наша мэта — прымусіць ХАМАС спыніць абстрэлы і забойства мірных жыхароў і зьнішчыць яго вайсковую інфраструктуру... Мы заклікаем міжнародную супольнасьць і Беларусь безумоўна асудзіць ракетныя абстрэлы і тэрарыстычныя дзеяньні палестынцаў супраць ізраільскага мірнага насельніцтва, прызнаць безумоўнае права Ізраілю на абарону сваіх грамадзян», — сказана ў заяве ізраільскага амбасадара.
Беларускае МЗС на падзеі пакуль не адрэагавала.
- Палестынска-ізраільскі канфлікт зноў абвастрыўся пасьля таго, як улады Ізраілю выказалі намер выселіць некалькі палестынскіх сем’яў з раёну Шэйх Джарах ва Ўсходнім Ерусаліме. Слуханьне справы адкладзенае. Спрэчка вакол уласнасьці на зямлю ў гэтым раёне працягваецца некалькі дзесяцігодзьдзяў.