Аляксандар Лукашэнка прыняў даверчыя лісты амбасадараў шасьці краін. Цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасьці, перадае БелТА.
Інфармацыі пра ўручэньне даверчых лістоў ад краін Эўразьвязу няма. У Беларусі зь мінулага году працуе новы амбасадар Францыі Нікаля дэ Лякост, які ўручыў копіі лістоў кіраўніку МЗС Уладзімеру Макею. Цяпер яго няма ў Беларусі, ён пакінуў краіну па прычынам асабістага характару і знаходзіцца ў Францыі, паведамілі Свабодзе ў амбасадзе Францыі ў Менску.
Прызначаная ў Беларусі амбасадарка ЗША Джулі Фішэр пакуль не атрымала візы для ўезду ў краіну.
Эўразьвяз і ЗША не прызналі Аляксандра Лукашэнку легітымна абраным прэзыдэнтам і ўвялі супраць яго і ягонага атачэньня санкцыі.
Лукашэнка на цырымоніі згадаў аб рашэньнях Усебеларускага народнага сходу:
«Рашэньні гэтага прадстаўнічага форуму адназначна пацьвердзілі падтрымку дзяржаўнага курсу на далейшае разьвіцьцё сацыяльнай дзяржавы з высокатэхналягічнай эканомікай. Народнае веча паказала таксама запыт грамадзтва — прынамсі, яго часткі — на пэўныя перамены, у тым ліку ў грамадзка-палітычным жыцьці», — адзначыў Лукашэнка.
Ён удакладніў, што беларусы падтрымалі абвешчаны працэс канстытуцыйнай рэформы, які, ягонымі словамі, «ідзе адкрыта, з шырокім абмеркаваньнем».
«Праўда, гэта не ўсім падабаецца за мяжой, — заўважыў ён. — Але нават у такіх няпростых умовах Беларусь застаецца прыхільнай канструктыўнаму ўзаемадзеяньню на міжнароднай арэне. Мы заўсёды настроены на дыялёг. Але ён павінен быць паважлівым, сумленным і раўнапраўным».
У ліку іншых даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку ўручыў новы амбасадар Расеі ў Беларусі Яўген Лук’янаў. Ён зьмяніў на пасадзе Дзьмітрыя Мезенцава, які займаў гэтую пасаду з красавіка 2019 году. Да яго кіраўніком дыпляматычнага прадстаўніцтва быў Міхаіл Бабіч, які адпрацаваў у Менску менш за год і быў адкліканы ў Маскву на патрабаваньне кіраўніцтва Беларусі.
Прымаючы даверчыя лісты ад амбасадара Расеі, Лукашэнка заявіў:
«Поўным ходам ідзе дыялёг па паглыбленьні нашай інтэграцыі ў мэтах стварэньня роўных умоў суб'ектам гаспадараньня і больш эфэктыўнага выкарыстаньня новых магчымасьцяў супрацоўніцтва. Лічу, што Беларусь і Расія маюць рэзэрвы практычна на кожным кірунку. Менавіта з гэтых пазыцый і глядзім у будучыню».