Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тэлеграме зьявіўся канал пра аднаўленьне Будслаўскага касьцёлу, створана спэцыяльная камісія па ліквідацыі наступстваў пажару

абноўлена

Тушэньне пажару ў касьцёле ў Будславе, 11 траўня 2021
Тушэньне пажару ў касьцёле ў Будславе, 11 траўня 2021

Цяпер шукаюць альпіністаў і людзей з допускам працы на вышыні. За першыя суткі на адбудову касьцёлу сабралі звыш 40 тысяч рублёў.

У Тэлеграме зьявіўся канал «Адновім Будслаў разам!». У ім будуць пісаць пра арганізацыйныя пытаньні аднаўленьня касьцёла ў Будславе. Ідзе пошук валянтэраў, гатовых дапамагчы сьвятыні ўласнаруч.

На гэты момант шукаюць альпіністаў і людзей з допускам працы на вышыні. Трэба будзе спускаць уніз бэлькі і рэшткі мэталічнага даху.

Адмысловы зварот з просьбай аб дапамозе ў адбудове будслаўскай сьвятыні апублікаваў Апостальскі адміністратар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. У сваёй адозьве Велікаселец падкрэсьліў, што зьнішчальны пажар — бяда ня толькі для каталікоў, але і для ўсіх беларусаў.

Як ахвяраваць на адбудову касьцёлу ў Будславе?

Ужо цяпер ахвяраваньні праз сыстэму разьлікаў АРІП можна пералічыць на банкаўскі рахунак Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Менска-Магілёўскай Архідыяцэзіі.

Ахвяраваньне можна зрабіць і на разліковы рахунак парафіі Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Будславе:
Рэлігійная абшчына «Рымска-каталіцкі прыход Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі» аг. Будслаў Мядзельскага раёну.
222374 Менская вобл., Мядзельскі р-н, аг. Будслаў, вул. Чырвоная плошча, 8
р/с BY12BAPB30153404200100000000
у ААТ «Белаграпрамбанк», г. Менск
код банку BAPBBY2X
УНП 600195666

За адны суткі пасьля пажару, па словах намесьніцы дырэктара Caritas Вольгі Лабуць, сабрана звыш 40 тысяч рублёў ахвяраваньняў.

У выніку пажару, паведамленьне пра які паступіла ў МНС 11 траўня ў 7.47, у касьцёле абваліўся дах. Сьвятыню і маёмасьць удалося вынесьці. У 11.24 пажар лякалізавалі, у 15.21 — ліквідавалі.

Будслаўскі касьцёл пабудаваны ў XVII стагодзьдзі, штогод да яго ладзяцца вялікія каталіцкія пілігрымкі ды месца правядзеньня адмысловага фэсту.

Створана спэцыяльная камісія па ліквідацыі наступстваў пажару

12 траўня ў Менску адбылася экстраная нарада з-за пажару ў касьцёле Маці Божай Будслаўскай. У ёй узялі ўдзел Апостальскі адміністратар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, дапаможныя біскупы Юры Касабуцкі і Аляксандар Яшэўскі, а таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і запрошаныя сьвятары, піша catholic.by.

Па выніках нарады пры Курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі стварылі камісію па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сытуацыі і аднаўленьня Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай. У склад камісіі ўвайшлі восем асоб, старшынёй абралі біскупа Аляксандра Яшэўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG