Да траўня ў храме сабралі 20 тысяч подпісаў з просьбай да прэзыдэнцкай адміністрацыі перадаць касьцёл на балянс Рыма-каталіцкай парафіі Сьвятых Сымона і Алены. Вернікі спасылаюцца на закон «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях», у якім напісана, што дзяржава можа даваць ільготы.
Як адзначае «Эўрарадыё», сытуацыя зайшла ў тупік яшчэ год таму, калі прадпрыемства «Менская спадчына» налічыла касьцёлу падаткаў амаль на 170 тысяч рублёў. Вернікі застаюцца пад пагрозай высяленьня.
У 2013 годзе будынак Чырвонага касьцёла перадалі на балянс КУП «Менская спадчына» — да таго іншымі культавымі збудаваньнямі прадпрыемства не валодала. У 2017-м там пачалася рэканструкцыя. У гэты час падаткі не налічваліся. Аднак з чэрвеня 2019-га пачалі прыходзіць рахункі. А летась за першы квартал прыход атрымаў дакумэнты, у якіх пазначана: звыш камунальных плацяжоў штомесячная сума выплат рэлігійнай супольнасьці на карысьць КУП «Менская спадчына» складае 12 950,39 рубля — гэта кампэнсацыя за зямельны падатак, амартызацыю і падатак на нерухомасьць.
Менгарвыканкам прыгразіў, што ў выпадку няплаты будынак адыдзе дзяржаве.
Ад студзеня налічваньне новых падатковых плацяжоў спынілася. Але галоўная бухгальтарка Ганна Францаўна сказала «Эўрарадыё», што і з улікам гэтай ільготы касьцёл вінен каля 350 тысяч рублёў.
«Мы папрасілі перадаць нерухомасьць нам, паказвалі подпісы, але пакуль цішыня. Мы тысячу разоў патлумачылі, што такія грошы ў „Менскую спадчыну“ плаціць ня можам. Хоць тыя да пачатку рамонту ў нас бралі грошы за паслугі, якія не маглі браць на заканадаўчым узроўні. Вось цяпер і не даюць ход гэтай справе, бо разумеюць, што зь іх боку будзе касяк. І ў той жа самы час узяць і перадаць... Тут ідзе нейкая вайна. Нас абвінавачваюць ужо ва ўсім. Усё, што можна павесіць, разумееце?» — кажа жанчына.
Ключавой у канфлікце аказалася плябанія — домік сьвятара побач з касьцёлам. Ва ўсіх дакумэнтах будынак запісаны менавіта так, аднак «Менская спадчына» чамусьці называе яго адміністрацыйным. Падчас рамонту там паставілі дарагую вэнтыляцыю і пажарныя апавяшчальнікі. Адзін зь іх аказаўся ў кухні.
«Толькі таму, што там нешта смажыцца на пліце, спрацоўвае сыгналізацыя, — працягвае Ганна Францаўна. — Бывала такое, што ратавальнікі тройчы за дзень прыяжджалі, каб адключыць апавяшчальнік. Нават арганізацыя, якая ўсталёўвала сыгналізацыю, сказала, што гэтую пажарку нельга ў такім месцы ставіць. Вось так і атрымліваецца замкнёнае кола. Прыяжджаюць кожны раз, а спрацоўка ілжывая. І адключыць нельга, раз гэта «адміністрацыйны будынак», — наракае яна.
«Менская спадчына» на дыялёг з прадстаўнікамі парафіі не ідзе. Як і з журналістамі. У Менгарвыканкаме таксама адмовіліся штосьці камэнтаваць.