Суд прызнаў яго вінаватым і аштрафаваў, паведамляе Tut.by.
Судзілі Ўладзімера Рэпіка, якога затрымалі напярэдадні, за прапаганду або публічнае дэманстраваньне нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі. У выніку суду 10 траўня Ўладзімер Рэпік быў прызнаны вінаватым і атрымаў штраф у памеры 10 базавых велічынь (290 рублёў).
Як раней распавёў сам журналіст, прычынай для пачатку адміністрацыйнага працэсу стала відэа працягласьцю менш за трыццаць сэкунд, якое ён разьмясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы некалькі гадоў таму: на ім, паводле яго слоў, «некалькі хлопцаў зьбіваюць нацыста ў майцы са свастыкай».
Уладзімер Рэпік — вядомы бабруйскі журналіст, які спэцыялізуецца на тэматыцы шоў-бізнэсу, удзельнік фэстываляў «Залаты шлягер» і «Славянскі базар», аўтар дзясяткаў інтэрвію з зоркамі эстрады. У апошнія 3 гады быў фрылансэрам і падпрацоўваў начным вартаўніком. Журналіст не выключае, што падставай для падвышанай увагі да яго акаўнтаў у сацсетках з боку праваахоўнікаў маглі стаць некалькі запісаных ім відэазваротаў да Аляксандра Лукашэнкі.