Чэхія мае намер дамагацца ад Расеі ня менш аднаго мільярда крон (каля 47 мільёнаў даляраў) — у якасьці кампэнсацыі за выбухі на складзе боепрыпасаў у паселішчы Вэрбеціцы ў 2014 годзе. Пра гэта ў эфіры чэскага тэлебачаньня заявіла міністарка фінансаў Алена Шылерава.
Некаторы час таму патрабаваць такую кампэнсацыю ўрад Чэскай Рэспублікі заклікала ніжняя палата парлямэнта краіны.
Пазоў аб кампэнсацыі Прага мае намер падрыхтаваць на працягу некалькіх тыдняў. Гаворка ідзе ў тым ліку аб кампэнсацыі выдаткаў, выдаткаваных на расчыстку тэрыторыі пасьля выбухаў, якія былі аплачаныя з чэскага дзяржаўнага бюджэту.
Чэскае тэлебачаньне адзначае, што адзін мільярд крон, хутчэй за ўсё, не канчатковая сума, паколькі ўлады пацярпелага рэгіёну могуць вылучыць свае патрабаваньні, уключаючы кампэнсацыю маральнай шкоды і кампэнсацыю за немагчымасьць выкарыстоўваць маёмасьць.
Чэскія спэцслужбы лічаць, што супрацоўнікі расейскага ГРУ былі датычныя да выбухаў на складзе боепрыпасаў у вёсцы Вэрбеціцы ў кастрычніку 2014 года. Дывэрсійную апэрацыю, паводле заявы чэскага МЗС і спэцслужбаў, курыравалі супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў (ГУ Генштаба РФ і СВР) у амбасадзе РФ у Празе, якія выкарыстоўвалі дыпляматычнае прыкрыцьцё.
Чэскія ўлады абвясьцілі ў вышук двух чалавек, якія ў 2014 годзе заехалі ў краіну па расіейскіх пашпартах на імя Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. Гаворка ідзе пра тых жа людзей, якіх у Вялікабрытаніі падазраюць у атручваньні Сяргея і Юліі Скрыпалёў у Солсбэры у 2018 годзе. Сьцьвярджаецца, што іх сапраўдныя імёны — Анатоль Чапіга і Аляксандр Мішкін. Гэтая апэрацыя, паводле дадзеных дасьледчыка Respekt і Bellingcat, праходзіла пад асабістым кантролем камандзіра вайсковай часткі № 29155 у Маскве генэрал-палкоўніка Андрэя Авяр’янава.