Ён нагадаў: калі летась заяўляў аб намеры вырабіць сваю вакцыну, чуліся галасы, што гэта складана ці нават немагчыма. І вось вынік.
«У прабірцы ўчора атрымалі сваю вакцыну — беларускую. Іншую, адрозную ад таго, што мы сёньня купляем. Як лекары называюць, жывую вакцыну. Мы не сьпяшаемся. Паглядзім, што здарыцца пасьлязаўтра, калі зьменіцца хвароба. Бо штам будзе зусім іншы. У нас ёсьць вакцыны, якія працуюць. Па расейскіх тэхналёгіях, кітайскія купілі. А заўтра мы сваю вакцыну, якая ўжо ў прабірцы, прыстасуем да таго штаму, які будзем мець. Хто яго ведае, як жыцьцё складзецца», — піша ягоная прэсавая служба.
Аб неабходнасьці стварыць уласную вакцыну Лукашэнка загаварыў яшчэ ў канцы мінулага году. У той час як заходнія кампаніі трацілі на дасьледаваньні сотні мільёнаў даляраў, ён запэўніў, што навукоўцы Акадэміі навук усё зробяць за 5 мільёнаў рублёў. Тады меркавалася, што распрацоўка беларускай вакцыны зойме ня меней за тры гады. Але менш як праз паўгода Лукашэнка абвясьціў, што ўжо мае вакцыну ў прабірцы.
Раней Лукашэнка адмахваўся ад праблемы каранавірусу, называючы гэта «псыхозам». Цягам усёй першай хвалі пандэміі кіраўніцтва Беларусі кпіла з краінаў, дзе ўводзіліся жорсткія абмежавальныя захады: працягваліся заняткі ў школах і ВНУ, ігнаравалася магчымасьць дыстанцыйнай працы, былі адчыненыя наземныя і паветраныя межы.
Сам Лукашэнка раіў беларусам не панікаваць, не скупляць лекі і маскі, і прапаноўваў «альтэрнатыўную мэдыцыну».
Піць гарэлку: «Я чалавек непітушчы, але ў апошні час жартам кажу, што гарэлкай трэба ня толькі рукі мыць, але і ў дзень 40–50 грам у пераліку на чысты сьпірт, труціць гэты вірус».
Хадзіць у саўну: «Калі два-тры разы на тыдзень, таксама карысна. Кітайцы нам падказалі, што гэты вірус пры +60° С не вытрымлівае».
Больш працаваць: «Прыемна глядзець па тэлевізары — людзі на вёсцы на трактары працуюць, ніхто ня кажа пра вірусы. Там трактар вылечыць усіх, поле ўсіх лечыць».
Аднак сёлета Лукашэнка накінуўся на ЗША і эўрапейскія краіны: абазваў іх кіраўнікоў «мярзотнікамі», бо нібыта не дапамаглі Беларусі, калі тая засталася сам-насам зь бядой.
Зрэшты, факты сьведчаць пра іншае — дапамога вымяраецца мільёнамі даляраў. У той час як зь дзяржаўнага бюджэту Беларусі сродкі на гэтыя мэты выдаткоўваліся паводле рэшткавага прынцыпу.