Паводле журналісцкага расьсьледаваньня, якое сумесна публікуюць выданьні Polityka і Insider , Анжаліка Мельнікава была ў рамантычных стасунках з супрацоўнікам беларускай спэцслужбы.
У расьсьледаваньні называецца ягонае імя — Аляксей Лабееў — і сьцьвярджаецца, што ён працаваў пад імем Аляксей Гардзееў.
З публікацыі вынікае, што Мельнікава і Лабееў у адзін час ляталі на Кубу і ў Шры-Лянку. Ці гэта адзіны факт, на якім грунтуюцца высновы пра іх сувязь, не паведамляецца.
Сьцьвярджаецца, што адносіны Мельнікавай і Лабеева пачаліся ўлетку 2023 году, а ў 2024-м Лабееў падараваў Мельнікавай пярсьцёнак.
Пры гэтым, паводле выданьня, Лабееў жанаты з 2017 году. А Мельнікава хоць і казала, што разьвялася, але развод не аформлены дый жылі яны з мужам разам.
Дзе знаходзіцца Анжаліка Мельнікава і што зь ёй, невядома.
Пра зьнікненьне сьпікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнкіавай стала вядома 28 сакавіка, калі пра гэта публічна паведаміў Павал Латушка. З словаў палітыка, заяву аб зьнікненьні Мельнікавай у польскую паліцыю ён падаў яшчэ раней — 25 сакавіка. А на сувязь Анжаліка выходзіла апошні раз 21 сакавіка.
За гэты час ані польскія праваахоўныя органы, якія займаюцца справаю Мельнікавай, ані СМІ, ані яе паплечнікі не змаглі высьветліць, дзе знаходзіцца Мельнікава і што стала прычынай яе ад’езду з Польшчы і зьнікненьня. Невядома таксама, што стала з грашыма, прызначанымі на дзейнасьць Каардынацыйнай рады і суполкі «Кібэрпартызанаў», да якіх мела доступ зьніклая сьпікерка.
Форум