«Канстытуцыйны суд лічыць, што закон паводле зьместу нормаў, форме акту, разьмежаваньня кампэтэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцьця адпавядае Канстытуцыі», — гаворыцца ў рашэньні, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Суд адсылае да шэрагу прававых актаў, накіраваных на супрацьдзеяньне нацызму, які адносіцца да ліку «найбольш небясьпечных формаў праявы экстрэмісцкай дзейнасьці».
«Згодна з Канстытуцыяй кожнаму гарантуецца свабода меркаваньняў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне (ч.1 арт.33). Пры гэтым забараняецца прапаганда вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасьці (ч.3 арт.5)», — адзначаюць у Канстытуцыйным судзе.
Закон «Аб недапушчэньні рэабілітацыі нацызму» прыняты Палатай прадстаўнікоў 16 красавіка, ухвалены Саветам рэспублікі 21 красавіка.
Адпаведнымі Канстытуцыі прызнаныя таксама законы:
- «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях процідзеяньня экстрэмізму»
- «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь»
- «Аб зьмяненьні закону «Аб дзяржаўнай абароне судзьдзяў, службовых асобаў праваахоўных і наглядных органаў, супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай аховы».
Праваабаронцы і грамадзянскія актывісты засьцерагаюцца, што больш жорсткае заканадаўства ператворыцца ў інструмэнт расправы зь іншадумцамі. Так, затрыманыя ў сакавіку польскія актывісты абвінавачваюцца па ч. 3 арт. 130 КК, дзе сярод іншага ў пераліку злачынстваў якраз фігуруе «рэабілітацыя нацызму».
Акрамя таго, праз пашырэньне падставаў да крымінальнага перасьледу, адзначаюць юрысты, практычна любога беларуса сёньня можна прызнаць «экстрэмістам», а грамадзкую арганізацыю ці незалежны інтэрнэт-канал «экстрэмісцкім».