Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Любая дзейнасьць можа падпасьці пад экстрэмісцкую». Юрыст тлумачыць, што можа пагражаць паводле новага і дзейнага заканадаўства


Экстрэмісцкім могуць прызнаць нават спалучэньне «няправільных» колераў.
Экстрэмісцкім могуць прызнаць нават спалучэньне «няправільных» колераў.

Інфармацыя пра палітычны, эканамічны, ваенны, міжнародны стан Беларусі, любая крытыка ўладаў у СМІ, абраза прадстаўніка дзяржавы будзе лічыцца экстрэмізмам.

Акрамя таго, экстрэмісцкімі могуць прызнаць сьцягі, гімны, сымбалі, графіці, лягатыпы і нават партрэт чалавека, якога вінавацяць у экстрэмізьме альбо тэрарызьме.

Што чакае беларусаў, калі закон «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях процідзеяньня экстрэмізму» ўступіць у сілу?

Новы закон істотна пашырае паняцьце «экстрэмізму»

Праект закону «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях процідзеяньня экстрэмізму» прыняты ў двух чытаньнях Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі. Цяпер трэба чакаць, што яго ўзгодніць Канстытуцыйны суд і падпіша Аляксандар Лукашэнка.

Раней пад азначэньне экстрэмізму падпадалі дзеяньні, якія заканадаўства тлумачыла як спробу захопу дзяржаўнай улады, падрыхтоўку да масавых беспарадкаў, стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня, а таксама рэабілітацыя нацызму ці распальваньне нянавісьці.

У новым законе гэтае паняцьце істотна пашыраецца, і цяпер экстрэмізмам можна будзе лічыць:

  • распаўсюджваньне «заведама непраўдзівых» зьвестак пра палітычны, эканамічны, ваенны, міжнародны стан Беларусі, аб прававым становішчы грамадзянаў, калі такія зьвесткі «дыскрэдытуюць» краіну
  • абразу прадстаўніка ўлады або «дыскрэдытацыю органаў улады»
  • публічныя заклікі да няўзгодненых мітынгаў і шэсьцяў, прыцягненьне людзей да ўдзелу ў іх пагрозамі альбо за ўзнагароджаньне
  • арганізацыю і ажыцьцяўленьне масавых беспарадкаў, актаў вандалізму, захопу будынкаў, іншыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, палітычнай ці ідэалягічнай варожасьці
  • пашырэньне экстрэмісцкіх матэрыялаў, выраб, выданьне, захоўваньне альбо перавозку такіх матэрыялаў у мэтах распаўсюду.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў таксама адзначае, што ў новым законе дадаецца паняцьце «экстрэмісцкае фармаваньне».

Юрыст БАЖ Алег Агееў.
Юрыст БАЖ Алег Агееў.

«Цяпер любая дзейнасьць можа падпасьці пад экстрэмісцкую, а група людзей ці арганізацыя, зарэгістраваная ці не зарэгістраваная, беларуская ці замежная, можа называцца «экстрэмісцкім фармаваньнем», — робіць выснову Алег Агееў.

Такім чынам, у катэгорыю экстрэмістаў будуць трапляць ня толькі асуджаныя па абвінавачаньнях у экстрэмізьме або тэрарызьме, як было раней, але і людзі, якіх судзілі ў справах аб абразе прадстаўнікоў улады альбо за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, мітынгах — гэта значыць, паводле значнай часткі артыкулаў, па якіх судзяць пратэстоўцаў.

Пакараньне за сьцяг, гімн, графіці, лягатып і нават партрэт

Калі будзе прыняты новы закон, «экстрэмісцкім матэрыялам» будзе лічыцца інфармацыя, якую суд зьвязаў з прапагандай экстрэмізму, напрыклад артыкулы, кнігі, песьні ці ўсе пасты тэлеграм-каналу, абвешчанага экстрэмісцкім, і нават яго лягатып.

Вось пералік з законапраекту:

«Экстрэмісцкія матэрыялы — сымболіка і атрыбутыка, інфармацыйная прадукцыя (друкаваныя, аўдыё-, аўдыёвізуальныя і іншыя інфармацыйныя паведамленьні і (або) матэрыялы, плякаты, партрэты, транспаранты і іншая наглядная агітацыя, рэклямная прадукцыя)».

Як адзначаецца ў праекце закону, сьцягі, гімны, музычныя творы, эмблемы, сымбалі, графіці, лягатыпы, вымпелы, значкі і нават любыя выявы асобаў, у адносінах да якіх ёсьць прысуд за экстрэмісцкае злачынства, могуць быць прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. Значыць, экстрэмісцкім матэрыялам можа стаць партрэт чалавека, якога абвінавачваюць у экстрэмізьме альбо тэрарызьме.

У законе канкрэтна не прапісана, што, напрыклад, Пагоня ці свастыка лічацца экстрэмісцкімі, тлумачыць юрыст БАЖ Алег Агееў.

«Калі мы гаворым пра носьбіты экстрэмісцкіх матэрыялаў, у праекце закону ёсьць пералік, што гэта можа быць. То бок, што можа быць прызнана экстрэмісцкім матэрыялам, вырашаецца асобна. Закон — гэта проста крытэр апісаньня працэдуры. Можна ўзяць гістарычныя сымбалі і прызнаць іх экстрэмісцкімі», — мяркуе юрыст.

Забараняць дзейнасьць зможа ня толькі суд, але і МУС, і КДБ

Пракуроры, органы міліцыі і дзяржбясьпекі змогуць выносіць прадпісаньні заснавальнікам і кіраўнікам арганізацый, індывідуальным прадпрымальнікам, калі выявілі прыкметы экстрэмізму, але няма падстаў для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці. Калі патрабаваньне ня выканана альбо цягам году будзе другое прадпісаньне — гэта падставы для ліквідацыі кампаніі, закрыцьця ІП.

Суды будуць разглядаць справы аб прызнаньні арганізацый экстрэмісцкімі і аб ліквідацыі ў паскораным парадку: ня больш за месяц.

Заснавальнікі і ўдзельнікі экстрэмісцкіх арганізацый ня змогуць цягам 5 гадоў засноўваць новыя арганізацыі і СМІ.

МУС будзе складаць сьпісы грамадзян, груп і арганізацый, якія маюць дачыненьне да экстрэмізму. У гэты сьпіс трапяць асуджаныя за злачынствы, зьвязаныя з экстрэмізмам. Гэта азначае, што яны, напрыклад, ня змогуць працаваць выкладчыкамі або ў выдавецкім бізнэсе. Іх фінансавыя апэрацыі будуць кантраляваць асабліва.

Іншаземцам, калі яны трапяць у сьпіс, забароняць уезд у Беларусь. Прадугледжана і норма аб пазбаўленьні набытага беларускага грамадзянства для таго, хто прызнаны экстрэмістам.

Адказнасьць прадугледжвае да 6 гадоў пазбаўленьня волі

Што да пакараньняў, яны не прапісаныя ў праекце закону «Аб зьмяненьні законаў па пытаньнях процідзеяньня экстрэмізму». Пакараньні прапісаныя ў Крымінальным кодэксе, тлумачыць юрыст Алег Агееў.

«Зьмены ў Крымінальны кодэкс ужо ўвялі — адносна адказнасьці за экстрэмізм. Дадалі новую частку ў артыкул „Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня ці ўдзел у ім“ (калі гэта ў мэтах зьдзяйсьненьня злачынства) — прадугледжана пакараньне ад 2 да 6 гадоў зьняволеньня.

Зьявіўся новы артыкул „Садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці“ — прадугледжана пакараньне ад 2 да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Зьявіўся таксама яшчэ адзін новы артыкул: „Праходжаньне навучаньня альбо іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасьці“. Ён „цягне“ на тэрмін да 3 гадоў пазбаўленьня волі», — прыводзіць прыклады Алег Агееў.

Тыя, хто цяпер затрыманы, знаходзіцца пад сьледзтвам і чакае суду, ня могуць падпасьці пад новае заканадаўства.

«Закон зваротнай сілы ня мае — так прапісана ва ўсіх заканадаўчых актах. Да таго, што грамадзяне зьдзейсьнілі раней, гэтыя новыя артыкулы Крымінальнага кодэксу ня могуць прымяняцца (я кажу толькі пра Крымінальны кодэкс)», — удакладняе юрыст.

Закон яшчэ не прыняты, аднак інтэрнэт-рэсурсы ўжо караюць

Алег Агееў адзначае: нягледзячы на тое, што новы закон аб процідзеяньні экстрэмізму яшчэ не прыняты, за распаўсюд матэрыялаў у інтэрнэце некаторыя інтэрнэт-рэсурсы ўжо пакараныя. І прыводзіць прыклад з парталам Hrodna.life.

«Іх прыцягнулі да адказнасьці за тое, што яны распаўсюдзілі нейкія зьвесткі з каналу, які пазьней быў прызнаны экстрэмісцкім, і ня выдалілі іх. То бок, умоўна кажучы, у першы дзень Hrodna.life распаўсюджвае інфармацыю з тэлеграм-каналу, на наступны дзень улады прызнаюць гэты канал экстрэмісцкім, а на трэці дзень Hrodna.life прыцягваюць да адказнасьці за тое, што было зроблена пазаўчора (да прызнаньня каналу экстрэмісцкім). Вось такая практыка адносна экстрэмізму ўжо ёсьць. Hrodna.life — ня першая, але такая адчувальная «ластаўка», — кажа юрыст БАЖ.

Важна адзначыць і сытуацыю з баранавіцкім выданьнем Intex-press, дзе галоўнага рэдактара Ўладзімера Янукевіча пакаралі штрафам да таго, як матэрыял прызналі экстрэмісцкім. Маецца на ўвазе публікацыя выданьнем інтэрвію са Сьвятланай Ціханоўскай.

«Выданьне прыцягваюць да адказнасьці за факт, што выйшла інтэрвію са Сьвятланай Ціханоўскай (прычым не тлумачыцца, якая інфармацыя магла несьці пагрозу нацыянальнай бясьпецы). За інтэрнэт-вэрсію рэдактара ўжо аштрафавалі, за папяровую вэрсію чакаецца суд на гэтым тыдні. Хутчэй за ўсё, будзе стаяць пытаньне аб блякаваньні сайта і разглядацца крымінальная справа — проста за нармальнае інтэрвію».

Інтэрвію выходзіць 14 красавіка, галоўнага рэдактара штрафуюць 26-га. Суд прызнае інтэрвію экстрэмісцкім 29 красавіка. І толькі на наступны дзень інтэрвію трапляе ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі, — прыводзіць храналёгію падзеяў юрыст.

Сьпісы экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі. Па стане на 3 траўня пералік займае 84 старонкі. Апошнія 10 — пераважна пералік тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі.

Больш працы падкідаюць тым, хто потым будзе ўсё рэфармаваць

Днямі ГУБАЗіК нагадаў пра сьпіс 40 тэлеграм-каналаў, якія абвешчаныя экстрэмісцкімі. Паводле гэтага падразьдзяленьня МУС, падпіска на каналы і чаты, прызнаныя экстрэмісцкімі, цягне на адміністрацыйную адказнасьць: нібыта людзей можна караць за тое, што яны чытаюць ня тыя тэлеграм-каналы. Юрыст Алег Агееў тлумачыць, што гэта ня так, і спасылаецца на артыкул 19.11 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях.

«ГУБАЗіК абвясьціў, што гэтыя тэлеграм-каналы ўнесены ў сьпіс, і хтосьці вырашыў, што падпісчыкаў гэтых каналаў можна прыцягваць да адказнасьці. Гэта ня так. Пакуль адказнасьць наступае толькі «за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна за выраб, выданьне, захоўваньне альбо перавозку такіх матэрыялаў у мэтах распаўсюду», — цытуе праект закону спадар Агееў.

І дадае, што цяпер, падчас прававога дэфолту, калі ў тэлефоне знаходзяць падпіску на такія тэлеграм-каналы, гэта афармляюць як «непадпарадкаваньне міліцыянтам», «дробнае хуліганства», «удзел у несанкцыянаванай акцыі». Калі знойдуць, хутчэй за ўсё, прыцягнуць да адказнасьці па іншых артыкулах, што цяпер улады і робяць, — кажа юрыст.

На думку Алега Агеева, прававое рэгуляваньне свабоды слова і выказваньняў у Беларусі заўсёды было такое, што амаль усё забаронена. Любое СМІ і раней можна было прыцягнуць да адказнасьці, «пстрыкнуўшы пальцамі».

«А зараз толькі павялічваецца колькасьць гэтых забаронаў. І без таго драконаўскія, таталітарныя законы, якія тычацца СМІ, улады робяць яшчэ больш жорсткімі. Чым больш улада робіць такіх крокаў у абмежаваньні свабоды СМІ, тым больш потым прыйдзецца працаваць па рэфармаваньні заканадаўчай базы, каб вярнуць яе да нармальнага стану, які адпавядае міжнародным крытэрам рэгуляваньня свабоды выказваньняў. Больш працы падкідаюць тым, хто потым будзе ўсё гэта рэфармаваць», — мяркуе юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG