Літва і Польшча мусяць паспрыяць таму, каб беларускі і ўкраінскі народы «змаглі атрымаць асалоду ад свабоды, незалежнасьці і дэмакратыі».
Гэтак заявіў літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа падчас выступу 3 траўня ў польскім парлямэнце з нагоды 230-й гадавіны прыняцьця першай у Эўропы Канстытуцыі, якую зацьвердзў Сойм Рэчы Паспалітай.
«Мы зноў бачым раст вайсковай моцы на Ўсходзе, якая адмаўляе нашы каштоўнасьці і пагражае нашаму ладу жыцьця, — цытуе прэзыдэнта агенцтва BNS. — Нашы суседзі, якія імкнуцца выбудаваць дэмакратычныя адносіны, працягваюць сутыкацца з грубым грэбаваньнем правамі і свабодамі чалавека».
Паводле Наўседы, супольны абавязак Літвы і Польшчы — вярнуць народы Беларусі і Ўкраіны да агульнай сям’і эўрапейскіх краін, да якой яны заўсёды гістарычна належалі.
Прэзыдэнт Літвы адзначыў: дзеля таго, каб народы рэгіёну маглі свабодна разьвіваць дэмакратыю ў сваіх краінах, «неабходна дакладнае бачаньне праграмы «Ўсходняга партнэрства». Па яго словах, «перад тварам агрэсіўнай варожай сілы, як паказваюць урокі мінулага, неабходна аб’ядноўвацца, не чакаючы, пакуль стане занадта позна».
Ён адзначыў, што Расея спрабуе ўзяць Беларусь пад кантроль, і «важную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае БелАЭС, якая будуецца паводле расейскага праекту і за кошт расейскага крэдыту. Літва «ніколі не пагодзіцца з тым, каб энэргетыка стала геапалітычнай зброяй, якая ператворыць Беларусь у закладніка палітыкі Крамля».
«Наша ўласная бясьпека і росквіт залежаць ад здольнасьці стварыць тэрыторыю міру, дэмакратыі і росквіту па суседзтве», — падсумаваў літоўскі лідэр.