Алена Дашкевіч атрымала прэмію за вокладку кнігі «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў», паведаміў Беларускі ПЭН-цэнтар.
Цырымонія ўручэньня прэміі трансьлявалася ў жывым эфіры.
Кніга была напісаная празь некалькі месяцаў пасьля сьмерці Міхала Анемпадыстава. У ёй сабралі цікавыя і новыя факты пра Анемпадыстава, ягоныя вершы і песьні для «Народнага альбому» і гурту «Новае неба», раней не публікаваны сцэнар «Народнага альбому» для польскай тэлевізіі, унікальныя фатаздымкі і «магічную мапу» Анемпадыстава, а таксама ўспаміны пра яго больш як 60 людзей.
Грошы на выданьне зьбіралі праз краўдфандынг.
Прэмію імя Міхала Анемпадыстава заснавалі ў 2019 годзе ў памяць пра дызайнэра, паэта, фатографа, культуроляга, які пайшоў з жыцьця ў 2018-м. Ініцыятыва адзначаць найлепшую кніжную вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна зь Беларускім саюзам дызайнэраў і «Лятучым унівэрсытэтам», а таксама польскім партнэрам ТАА «H&L» і фондам «Адкрытая культура».
Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 году ў Менску. Дызайнэр, фатограф, графік, паэт, публіцыст. Сябра Беларускага саюзу дызайнэраў і Беларускага ПЭН-клюбу. Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні, працуе ў жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, пляката, фатаграфіі. Удзельнічаў у калектыўных і пэрсанальных выставах за мяжой і ў Беларусі.
Ягоныя вершы сталі песьнямі N.R.M., «Новага Неба», Зьмітра Вайцюшкевіча, IQ48 і іншых, ён быў аўтарам славутага «Народнага альбому» (прызнанага «Альбомам году» на «Рок-каранацыі-1997»), перакладаў польскія рок-гіты для беларускіх сьпевакоў. «Чалавек году-2006» па вэрсіі інтэрнэт-парталу «Тузін гітоў». У 2013 годзе выдаў зборнік сваіх вершаў «Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы». Таксама Анемпадыстаў ствараў вокладкі для музычных альбомаў. Вёў на сайце кампаніі «Будзьма беларусамі!» (для якой таксама стварыў лягатып) калёнку «Простыя рэчы».